21 кастрычніка 2010 г. пасля святой Імшы ў лацінскім абрадзе, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, на востраве Родас (Грэцыя) адбыліся 6-я і 7-я сесіі ІІ Каталіцка-праваслаўнага форуму. 17 прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і 17 — Праваслаўных Цэркваў Еўропы працягнулі працу над Камюніке — выніковым дакументам форуму.
Пасля гарачых дыскусій, якія яшчэ раз пацвердзілі правіла, што праўда нараджаецца ў спрэчцы, кіруючыся брацкай любоўю і імкненнем да развіцця экуменічнага дыялога, каталіцкі і праваслаўныя бакі з улікам сваіх прынцыпаў і адначасова шляхам кампрамісу, прынялі супольнае Камюніке, галоўныя элементы якога наступныя.
Найперш удзельнікі форуму выказваюць сваю ўдзячнасць Патрыярху Канстанцінопальскаму Барталамею за запрашэнне правесці на в. Родас ІІ Каталіцка-праваслаўны форум, прысвечаны адносінам паміж Касцёлам і дзяржавай. Удзельнікі дзякуюць за гасціннасць таксама праваслаўнаму Мітрапаліту Родаса Кірыласу.
Аўтары дакумента з задавальненнем падкрэсліваюць, што ў Еўропе прыняты законы аб свабодзе веравызнання, якая з’яўляецца фундаментальным правам кожнай чалавечай асобы.
У розных краінах Еўропы гістарычна склаліся розныя мадэлі адносін паміж Касцёлам і дзяржавай. Як адзначаецца ў дакуменце, у краінах, дзе адна рэлігія з’яўляецца дамінуючай, іншыя не павінны быць дыскрымінаваны.
Аддзяленне Касцёла ад дзяржавы не выключае рэгістрацыі рэлігійных арганізацый паводле заканадаўства розных краін, каб гэтыя арганізацыі маглі мець юрыдычны статус.
Касцёл і дзяржава з’яўляюцца аўтаномнымі і кожны з іх дзейнічае ў сваёй сферы. Аднак супольнае дабро чалавечай асобы і грамадства з’яўляецца зыходным пунктам для плённага супрацоўніцтва.
Касцёлы павінны мець права голасу ў дыскусіях па праблемах маральнасці і этыкі, каб такім чынам уносіць у грамадства дух хрысціянства і выхоўваць яго на прынцыпах Евангелля.
У некаторых краінах Еўропы дзяржава матэрыяльна падтрымлівае дзейнасць Касцёла і яго структур. Канфіскаваная падчас пераследу веры касцёльная маёмасць павінна быць вернута Касцёлу.
Павінна быць гарантавана свабода рэлігійнага навучання дзяцей паводле волі іх бацькоў.
Касцёл павінен мець магчымасць выступаць публічна, абараняць жыццё, традыцыйную сям’ю, духоўна апякаць хворых, вязняў і мігрантаў, бараніць годнасць чалавека як Божага стварэння.
Каталіцкі Касцёл і Праваслаўныя Цэрквы Еўропы выказалі гатоўнасць садзейнічаць разам з дзяржавай і грамадствам супольнаму дабру чалавека і грамадства.
8-я сесія форуму была прысвечана выбару месца і даты правядзення наступнага каталіцка-праваслаўнага форуму. Як было вырашана, ён адбудзецца ў сталіцы Партугаліі Лісабоне ў 2012 г. Падчас пасяджэння была выказана прапанова зрабіць тэмай наступнай сустрэчы праблему міграцыі.
Па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, не выключаецца магчымасць правядзення падобнага форуму ў Беларусі. Распавядаючы пра добрыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі ў нашай краіне, беларускі арцыпастыр нагадаў словы папы Яна Паўла II аб двух лёгкіх Еўропы — заходнім і ўсходнім. Іерарх падкрэсліў, што менавіта Беларусь можа быць прыкладам, дзе хрысціянства на самой справе дыхае гэтымі абодвума лёгкімі. Мітрапаліт Сасімскі Генадзій (Канстанцінопальскі Патрыярхат) падтрымаў прапанову арцыбіскупа Кандрусевіча аб правядзенні сустрэчы ў Беларусі і падзякаваў за гэтае запрашэнне.
Працы ІІ Каталіцка-праваслаўнага форуму завершацца 22 кастрычніка 2010 г. ранішняй святой Імшой у касцёле Маці Божай. Сустрэча выявіла імкненне як католікаў, так і праваслаўных да развіцця адносін паміж імі, а таксама паміж Касцёлам і дзяржавай, на прынцыпах аўтаноміі, але ў той жа час, прымаючы пад увагу супольнае дабро грамадства і чалавека, узаемна дапамагаючы адно аднаму. Форум выявіў і імкненне абараняць хрысціянскія каштоўнасці перад выклікамі секулярызму з мэтай ствараць будучыню Еўропы не толькі на прынцыпах свецкага гуманізму, але і на евангельскіх праўдах.
|