Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІ Каталіцка-праваслаўны форум на Родасе. Дзень трэці
20.10.2010 16:53

Серада, 20 кастрычніка 2010 г., стала трэцім днём працы ІІ Каталіцка-праваслаўнага форуму на грэчаскім востраве Родас. Па традыцыі ён распачаўся святой Імшой у лацінскім абрадзе, якую канцэлебраваў разам з іншым духавенствам прысутны на форуме Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Чацвёртая сесія форуму была прысвечана тэме «Як Касцёлы перажываюць адносіны Касцёл-дзяржава? Супольнае дабро і дыяканія — служэнне Касцёла ў дзяржаве».

З каталіцкага боку выступілі папскі тэолаг а. Войцех Гертых OP і арцыбіскуп Афінскі Нікалаос Фосколос. З праваслаўнага боку — Архімадрыт Атаназі Нос з Польшчы і святар Кэры Ранціле з Фінляндыі.

У дыскусіях, якія адбыліся пасля ўсіх выступленняў, удзельнікі форуму падкрэслілі неабходнасць сацыяльнага служэння Касцёла. Менавіта праз сацыяльнае служэнне рэалізуецца супольнае імкненне Касцёла і дзяржавы служыць дабру чалавека. Касцёл такім чынам не толькі дапамагае ў рэалізацыі сацыяльных праектаў, але таксама нясе ў грамадства Евангелле. У гэтым сэнсе вялікае значэнне набывае першая энцыкліка папы Бэнэдыкта XVI «Deus caritas est» («Бог ёсць Любоў»), дзе Пантыфік падкрэслівае, што дабрачыннасць з’яўляецца адной з функцый Касцёла, дзякуючы якой таксама праводзіцца евангелізацыя. У сувязі з гэтым была звернута ўвага на тое, што Касцёл павінен служыць праўдзе; служыць культуры, уносячы ў яе хрысціянскія каштоўнасці; служыць выхаванню і адукацыі. Заданнем Касцёла з’яўляецца таксама клопат аб маральным стане грамадства праз клопат аб маральным стане індывідуума. Пры гэтым, як адзначалася, трэба памятаць, што талерантнасць, якая выходзіць за рамкі этычных нормаў, з’яўляецца не чым іншым, як непрыняццем маральных норм. Таму такая талерантнасць не можа быць апраўданнем імкнення да дасягнення супольнага дабра.

Пятая сесія была прысвечана агульнай дыскусіі адносна ўсіх выступленняў, падчас якой яшчэ раз быў пацверджаны прынцып аўтаноміі Касцёла і дзяржавы. Імкненне да супольнага дабра з захаваннем маральных нормаў, як было падкрэслена, павінна быць супольным пунктам для супрацоўніцтва Касцёла і грамадства.

Пасля абеду ўдзельнікі форуму наведалі археалагічныя помнікі Родаса і азнаёміліся з гісторыяй і святынямі вострава, пасля чаго працавалі над фінальным дакументам форуму — Камюніке.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме