Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці. Дзень трэці
04.10.2011 16:25

3 кастрычніка 2011 г., трэці дзень кангрэса, быў прысвечаны св. Фаўстыне Кавальскай. Яго тэма: «Святая сястра Фаўстына Кавальская — апостал Божай Міласэрнасці».

Першым з дакладам «Сястра Фаўстына як сакратарка і Апостал Божай Міласэрнасці. Місія святой Фаўстыны, культ Божай Міласэрнасці і яго формы» выступіў арцыбіскуп Лодзі Уладыслаў Зюлак. У ім іерарх нагадаў пра тое, што ХХ ст. стала часам праяўлення асаблівай любові Бога да чалавека. Простая маладая дзяўчына Галена Кавальска падчас танцавальнай забавы ў Лодзі пачула ўнутраны голас, які ёй казаў, каб яна стала законніцай. Гэта быў пачатак вялікай дарогі да таго, каб у будучыні стаць «сакратаркай» Божай міласэрнасці. Місіяй святой было абвяшчэнне свету паслання Божай Міласэрнасці і распаўсюджванне культу Езуса Міласэрнага.

Арцыбіскуп Зюлак падкрэсліў, што выражэннем культу Езуса Міласэрнага найперш з’яўляцца яго абраз як сасуд для чэрпання ласк і збаўлення. Далей ідзе свята Божай Міласэрнасці ў 2-ю Велікодную нядзелю. Потым Вяночак да Божай Міласэрнасці. Дакладчык падкрэсліў, што перад абліччам зла сучаснага свету Божая Міласэрнасць застаецца крыніцай надзеі.

Наступным пунктам праграмы былі чатыры сведчанні. Свецкая асоба з Косава — Зуг Кароль Спанка — распавёў пра свой шлях навяртання. Падчас Балканскай вайны аўтамабіль яго сям’і падарвалі, усе загінулі, а ён сам два дні быў непрытомны. Калі вылечыўся, быў ізноў пасланы на фронт. Не хацеў страляць і збёг з войска. На працягу 33 дзён праз розныя краіны ішоў у Польшчу. Зайшоў у касцёл. Падышоў да канфесіянала, не ведаючы, што гэта такое. Сказаў святару (які там быў), што мае праблемы. На што святар адказаў, што ўсе маюць і таму чакаюць споведзі. Мужчына адказаў, што не з’яўляецца хрысціянінам, бо яго сям’я была мусульманскай. Святар скіраваў яго да капліцы і сказаў, каб там пачакаў. Гэта была капліца Езуса Міласэрнага. Калі чалавек паглядзеў на абраз, то перад яго вачыма з’явілася сцэна выбуху і Езус, які яго ўратаваў. Гэта быў пачатак шляху прыйсця да хрысціянства.

Другім выступаў святар з Англіі Паўль Кронбергс, былы англіканін. Дзякуючы таму, што ў яго рукі трапіў «Дзённік» св. Фаўстыны, ён зразумеў сэнс Божай Міласэрнасці, культу якога няма ў Англіканскай Царкве. Так стаў католікам, а затым і святаром.

Глена Мугіма з Конга распавяла сваю асабістую трагедыю. Калі ёй здраджваў муж, то яна, дзякуючы малітве да Божай Міласэрнасці, вярнула яго ў сям’ю. Потым муж быў атручаны былой каханкай. Жанчына не магла ёй дараваць і толькі падчас набажэнства да Божай Міласэрнасці, калі святар заклікаў дараваць іншым іх правіны, паўтараючы слова малітвы «Ойча наш», яна змагла дараваць.

Біскупы з Філіпін распавялі пра развіццё культу Божай Міласэрнасці ў іх краіне і пра тое, якое гэта мае значэнне для навяртання чалавека.

Цэнтральную св. Імшу ў гэты дзень цэлебраваў арцыбіскуп Аляпаці Луі Матээліга з Самоа-Апія з Акеаніі. Гамілію прамовіў арцыбіскуп Ліёна кардынал Філіп Барбарэн, які звярнуў увагу ўдзельнікаў кангрэса на Божую Міласэрнасць у гісторыі збаўлення.

Пасля абеду ўдзельнікі кангрэса наведалі Асвенцім. Там прайшлі праз браму гэтага жудаснага месца і накіраваліся да помніка загінуўшым, дзе адбылася малітва за мір і міласэрнасць свету. Малітву ўзначаліў біскуп Тадэвуш Ракочы з Бельска-Бялай.

У гаміліі іерарх адзначыў, што ўдзельнікі кангрэса проста не маглі не прыехаць на гэтую Галгофу нашых часаў. Гэтае месца, з аднаго боку, з’яўляецца сведчаннем вайны, знішчэння і нянавісці. З іншага — паказвае незвычайны патэнцыял чалавечага сэрца, адвагі, гераізму і любові. Як на Галгофе аб’явілася Божая Міласэрнасць, так і тут яна аб’явілася ў цярпенні і смерці нявінных людзей. Таму сучасны свет не павінен баяцца, бо багацце Божай Міласэрнасці большае за зло. Няма такога зла, якога нельга затапіць у акіяне Божай Міласэрнасці.

Увечары, пасля вяртання з Асвенціма, адбылася сустрэча для законных сясцёр на тэму «Божая Міласэрнасць — крыніца надзеі для кансэкраванага жыцця». У той жа час у розных касцёлах Кракава ўдзельнікі кангрэса дзяліліся сваімі сведчаннямі, а ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках можна было паглядзець фільм «Фаўстына».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.