Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці. Дзень чацвёрты
05.10.2011 13:35

Чацвёрты дзень кангрэса Божай Міласэрнасці прайшоў на тэму «Благаслаўлёны Ян Павел II — апостал Божай міласэрнасці». Форум праходзіць з 1 па 5 кастрычніка ў Кракаве (Польшча).

Раніцай з дакладам на тэму «Божая Міласэрнасць у навучанні Яна Паўла II» выступіў Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч. У дакладзе іерарх паказаў, што Божая Міласэрнасць у навучанні Яна Паўла II прадстаўляецца гуманістычнай, накіраванай да чалавека. Заданнем Касцёла з’яўляецца не толькі просьба да Бога аб міласэрнасці, але практыка міласэрнасці, таму што «шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць».

Божая Міласэрнасць з’яўляецца ўніверсальнай і можа стаць месцам дыялогу розных рэлігій і філасофскіх сістэм. Заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне людзям багатага ў міласэрнасці Бога.

Пасля даклады было прадстаўлена чатыры сведчанні. Фрэдэрык Буццігер, спартсмен з Францыі, распавёў пра дзеянне Божай Міласэрнасці ў сваім жыцці, якое назваў «У святле алімпійскіх узнагарод». Калі алімпійскай ідэяй з’яўляецца дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней», то св. Фаўстына прадставіла гэтыя ідэі ў боскім вымярэнні. Дзякуючы Дзённіку святой Фрэдэрык знайшоў веру.

Святар Герман Саксонафф з Аргентыны распавёў пра навяртанні грэшнікаў, дзякуючы набажэнству да Божай Міласэрнасці. Святар Хоао Гэнрык з Бразіліі распавёў пра служэнне бедным дзецям як апостальства Божай Міласэрнасці.

Сястра Мары Сімон-П’ерр з Францыі распавяла пра тое, як, молячыся да Бога праз заступніцтва Яна Паўла II, была цудоўным чынам аздароўлена (пакутавала на хваробу Паркінсона). Менавіта гэты цуд дазволіў паспяхова завяршыць беатыфікацыйны працэс Яна Паўла II.

Наступным пунктам праграмы стала святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Польшчы арцыбіскуп Чэлестыно Мільёрэ. Гамілію прамовіў арцыбіскуп усходняга абраду Ян Баб’як са Славакіі. Іерарх нагадаў, што Божая Міласэрнасць дае новы шанс чалавеку спаткаць Бога і наблізіцца да іншага чалавека. Гэта ўсё можна асягнуць праз сакрамэнт пакаяння, з якога ўсе павінны карыстацца.

Пасля абеду ўдзельнікі кангрэса адправіліся ў Вадавіцы (месца нараджэння Яна Паўла II), дзе на гарадской плошчы адбылася экуменічная малітва.

Спачатку да ўдзельнікаў звярнуўся прафесар Карл Андэрсан — Галоўны рыцар Рыцарства Калумба — з прамовай аб ролі Яна Паўла II у жыцці свецкіх. Карл Андэрсан паведаміў, што музей Яна Паўла II непадалёку ад Вашынгтона будзе ператвораны ў прысвечаны яму санктуарый.

Экуменічную малітву ўзначаліў арцыпрэзбітэр ватыканскай базылікі св. Пятра кардынал Анджэло Камастры. У набажэнстве прынялі ўдзел праваслаўныя святары  і біскуп Евангельскай Царквы Тадэвуш Шурман з Катавіц. Чытанні чыталі прадстаўнікі гэтых трох канфесій.

Пасля вяртання з Вадавіц у розных парафіях Кракава адбыліся сведчанні прадстаўнікоў розных краінаў свету.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у сустрэчы аб пакліканнях, якая адбылася ў Цэнтры Яна Паўла II. Падчас сустрэчы на тэму «Не бойцеся» Мітрапаліт распавёў пра свой шлях паклікання да святарства і аб асаблівасцях святарскага служэння ў Беларусі і Расіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.