Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршыўся ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці ў Кракаве
06.10.2011 15:44

5 кастрычніка 2011 г. у Кракаве завяршыўся ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці. Апошні, пяты дзень форуму быў прысвечаны св. Фаўстыне.

З дакладам на тэму «Божая Міласэрнасць у навучанні Пап» выступіў кардынал Сальваторэ дэ Джорджы, былы арцыбіскуп Палермо.

Дакладчык пачаў ад першага Папы св. апостала Пятра, які ўжо ў сваіх пасланнях пісаў аб Божай Міласэрнасці. Гэты факт нагадвае пра тое, што ідэя Божай Міласэрнасці не нарадзілася ў ХХ ст., але вядома з пачатку гісторыі Касцёла.

На працягу гісторыі Папы ў літургічных малітвах часта ўспаміналі пра Божую Міласэрнасць. Дакладчык асабліва падкрэсліў ролю Пія XII, які ў навучанні аб Найсвяцейшым Сэрцы Езуса асаблівую ўвагу звярнуў на Божую Міласэрнасць. А папа Павел VI заклікаў у сваім навучанні да прабачэння і пагаднення паміж людзьмі ў імя Божай Міласэрнасці.

Кульмінацыйным пунткам дакладу стала вучэнне Яна Паўла II, асабліва з энцыклікі «Dives in misericordia», якая з’яўляецца вуглавым каменем навучання аб Божай Міласэрнасці. Такім чынам, як падкрэсліў кардынал, Ян Павел II стаў першым Папам, які ў цэнтры свайго служэння паставіў Божую Міласэрнасць. Італьянскі іерарх заклікаў сучасны свет адчыніць дзверы Божай Міласэрнсці.

Святую Імшу на завяршэнне працы кангрэса ўзначаліў кардынал Крыстаф Шонбарн. Гамілію прамовіў арцыбіскуп Чэнстахоўскі Станіслаў Новак. Іерарх падкрэсліў значэнне Божай Міласэрнасці як галоўнай асаблівасці Бога, асаблівасці, якую ён аб’явіў св. Фаўстыне праз Езуса Міласэрнага і культ якой быў вельмі моцна тэалагічна абгрунтаваны і развіты благаслаўлёным Янам Паўлам II.

У працэсіі з дарамі вернікі ў нацыянальных касцюмах прынеслі асвячоны 14 верасня 2011 г. папам Бэнэдыктам XVI абраз Езуса Міласэрнага. 5 кастрычніка ў 15.00 — гадзіну Божай Міласэрнасці — распачаў перэгрынацыю па парафіях Кракаўскай архідыяцэзіі. Першым пунктам стаў кляштар сясцёр Божай Міласэрнасці.  

Пасля літургіі гаспадар кангрэса кардынал Станіслаў Дзівіш падзякаваў яго арганізатарм і ўдзельнікам. Затым ад свечкі кангрэса іерарх запаліў знічы прадстаўнікам пяці кантынентаў і заклікаў іх духоўна несці яго ў свае краіны і гэтым самым быць апосталамі Божай Міласэрнасці.

Старшыня Міжнародных кангрэсаў Божай Міласэрнасці кардынал Крыстаф Шонбарн абвясціў, што наступны кангрэс запланаваны на 2014 г. і пройдзе ён у сталіцы Калумбіі Багаце. Іерарх таксама адзначыў, што кангрэс звяртаецца да папы Бэнэдыкта XVI з прапановай, каб на будучым Сінодзе Біскупаў, які адбудзецца ў 2012 г., Божая Міласэнасць успрымалася як галоўны інструмент новай евангелізацыі.

ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці далей развіў разуменне Божай Міласэрнасці, пацвердзіў развіццё яе культу і надаў новы імпульс далейшаму ўкараненню ў свеце.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.