Брацтва св. Пія Х павінна канчаткова высветліць сваё становішча ў дачыненні да «дактрынальнай прэамбулы» |
30.03.2012 13:27 |
Да малітваў і духоўных ахвяраў у інтэнцыі спаўнення волі Божай заклікаў вернікаў генеральны настаяцель Святарскага брацтва св. Пія Х біскуп Бэрнар Фэлле. Іерарх узгадаў пра сваю сустрэчу 16 сакавіка з прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння кардыналам Уільямам Левада, калі было адзначана, што адказ лефеўрыстаў на «дактрынальную прэамбулу» не дастатковы. У ходзе сустрэчы бок Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што важным з’яўляецца пераадоленне дактрынальных праблемаў, якія ляжаць у аснове існуючага падзелу. Да 15 красавіка Брацтва св. Пія Х павінна канчаткова высветліць сваё становішча ў дачыненні да «дактрынальнай прэамбулы». Брацтва св. Пія Х заснаваў у 1970 г. арцыбіскуп Марсэль Лефеўр. Гэты іерарх быў удзельнікам Другога Ватыканскага Сабору, але не пагадзіўся з яго пастановамі, у прыватнасці аб рэлігійнай свабодзе, экуменізмe і міжрэлігійным дыялогу. Таксама арцыбіскуп Лефеўр не прыняў новы парадак святой Імшы і ў знак супраціўлення заснаваў дадзенае брацтва. |