Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэжысёр Кшыштаф Зануссі: «Багацце хрысціянства — у разнастайнасці»
17.10.2016 16:11

Сусветна вядомы польскі кінарэжысёр і драматург Кшыштаф Зануcсі — пра сваё стаўленне да мастацтва і хрысціянства, узаемаадносіны католікаў і праваслаўных.

Пра талерантнасць і хрысціянскую пазіцыю

«Хрысціяне ў публічнай сферы павінны дамагацца таго, каб яна будавалася ў адпаведнасці з іх перакананнямі, аднак павінны таксама разумець, што сёння сілай нічога навязваць нельга.

Святы Папа Ян Павел ІІ казаў пра «культуру смерці», маючы на ўвазе найперш пагрозу самазнішчэння для ўсяго чалавечага роду. І хрысціяне пакліканы змагацца з такой «культурай смерці» — у часы, калі грамадства распадаецца, калі ва ўмовах так званай талерантнасці зло мае перавагу над дабром.

Я шмат падарожнічаю і бачу, што ў шэрагу выпадкаў хрысціяне паводзяць сябе маладушна. Лётаючы самалётамі кампаніі British Airways, я з жалем усведамляю, што сцюардэсам-хрысціянкам там забаронена насіць крыжыкі, у той час як для мусульман або сікхаў падобных забаронаў на нашэнне іх рэлігійных сімвалаў няма.

Відаць, мусульмане і сікхі ў Вялікабрытаніі мацней абараняюць свае правы, чым хрысціяне, у якіх не атрымліваецца ясна пра іх заяўляць і бараніць сваю ідэнтычнасць, на што яны маюць права, як і любая іншая рэлігійная абшчына».

Пра католікаў і праваслаўных

«Найперш нам патрэбна імкнуцца да пазнання адзін аднаго, таму што колькасць узаемных непаразуменняў да сённяшняга часу вялікая.

Тэалагічна нас ужо нічога практычна не раздзяляе, аднак важна не пераносіць уяўленні пра каталіцтва і праваслаўе з XIX стагоддзя ў XXI-е, у сённяшнюю сітуацыю.

Таксама па тэме:

Мы павінны вярнуцца да таго, што было больш за тысячы гадоў таму, калі Царква была непадзеленай — Усходняя і Заходняя Цэкрвы былі двума лёгкімі аднаго арганізма, аднаго Цела Хрыстовага, узаемна дапаўнялі адна адну, — гэту метафару часта прыводзіў у сваіх казаннях святы Папа Ян Павел ІІ.

Мы не павінны быць аднолькавымі або вельмі адзін да аднаго падобнымі. Усходняя і заходняя традыцыі — гэта багацце хрысціянства.
Пасля таго, як Касцёл і Царква знялі ўзаемныя анафемы, патрэбна большая адкрытасць і прызнанне таго, што можна правамерна славіць Бога ў іншай традыцыі — і ў лацінскай, і ў візантыйскай.

Дарэчы, лепшыя мае праваслаўныя ўражанні — з Парыжа і Лондана, дзе візантыйская традыцыя не абцяжарана этнічным “багажом”. Там я сустракаўся з праваслаўнымі французамі і англічанамі і імкнуўся спасцігнуць прыгажосць візантыйскага богаслужэння. І гэты вопыт дапамог мне зразумець, якое багацце хрысціянства праяўляецца ў разнастайнасці».

Пра творцаў у мастацтве і веру ў Бога

«Многіх агностыкаў, якія заяўляюць, што ў Бога не вераць, я падазраю ў тым, што яны вераць у Бога куды лепш за мяне, толькі гэтага не ўсведамляюць.

Калі казаць пра людзей, якія знаходзяцца ў пошуку ісціны — а сучасныя мастакі, безумоўна, такія, — то я перакананы, што сам гэты працэс набліжае чалавека да веры. Нават калі Альбер Камю называў сябе агностыкам, то давайце не будзем верыць кожнаму яго слову, а звернемся да яго кніг, у якіх ёсць подых таямніцы.



А той, хто спасцігае таямніцу, ужо верыць. Той жа, хто не шукае, таксама мае сваю веру, але яна мне ўжо нецікавая. У закаранелых атэістаў ёсць свая рэлігія, якая мне ўяўляецца дастаткова прымітыўнай. Тыя ж, хто піша, паступова набліжаюцца да ісціны і могуць яе знайсці.

Ёсць цудоўная думка Аўгустына Гіпонскага — святога нераздзеленага Касцёла, якога шануюць як католікі, так і праваслаўныя. Я, дарэчы, да свайго 75-годдзя атрымаў ад Патрыярха Кірыла цудоўную ікону блажэннага Аўгустына.

Гэты святы пісаў: «Ты не шукаў бы Мяне, калі б ужо не знайшоў!» Кожны, хто шукае Бога, хто пытаецца пра Яго, ужо дапускае, што можа Яго знайсці».
Паводле ria.ru (IL)

фота Уладзіміра Федарэнкі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.