Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас літургіі для студэнтаў

18 мая 2011 г., мінская архікатэдра

Глыбокапаважаныя студэнты!

1. «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12). Гэтыя словы спеву перад Евангеллем моцным рэхам адбіваюцца ў словах Добрай Навіны, якую Касцёл прапануе нашай увазе на сённяшні дзень: «Я прыйшоў на свет як святло».

Мы добра ведаем, што святло свеціць у цемры і раз’ясняе яе. Хрыстус прыйшоў у гэты свет, каб разагнаць цемру. Быць святлом у цемры з’яўляецца місіяй, якую Хрыстус атрымаў ад свайго Айца. Гэта таксама заданне тых, хто пакліканы прадоўжыць Яго місію ў часе і прасторы. Нездарма Езус кажа сваім вучням: Вы — святло свету.

2. Аднак, Ён не толькі нагадвае пра гэта, але і дае адпаведнае прадпісанне, што святло Яго вучняў павінна свяціць іншым, каб тыя маглі бачыць іх добрыя чыны і ўсхвалялі Бога. Тут трэба адзначыць, што бачанне іншымі добрых спраў вучняў Хрыста мае на мэце не распазнанне святла вучняў, а тое, што гэта вядзе да хвалы Божай. Святло не для таго, каб пільна глядзець, а каб зрабіць рэальнасць вакол нас бачнай. Калі мы знаходзімся ў пакоі або чытаем, то не задумваемся над тым, як многа выкарыстоўваецца крыніц святла. Дзякуючы святлу мы распазнаём рэчы і чытаем.

Нагадваючы пра святло, Езус таксама кажа, што вучні Хрыста павінны быць соллю зямлі. Тут соль разумеецца не як прадукт, а як тое, што дадае смак ежы.

Як святло і соль служаць чалавеку, так і вучні Хрыста павінны служыць Яму. Яны не пасланы, каб быць бачнымі або прыемнымі для ўжывання. Яны пасланы, каб дапамагчы іншым бачыць і смакаваць, бачыць і смакаваць Бога.

3. Быццё святлом рознымі людзьмі можа быць успрынята па-рознаму. Адны адчуваюць пакліканне быць пражэктарамі. Іншыя імпульснымі крыніцамі святла. Іншыя падобныя да фотаўспышкі — флэшу, які дае вельмі інтэнсіўны імпульс святла, а потым гасне. Такіх людзей мы можам убачыць і ў Касцёле. Яны на кароткі час загараюцца рэлігійным жыццём, а потым вельмі хутка гаснуць. У народзе такіх называюць саламянымі энтузіястамі, якія дзейнічаюць вельмі актыўна, але нядоўга.

Несумненна, некаторыя людзі пакліканы свяціць інтэнсіўна і доўга, але такое магчыма толькі тады, калі яны, выкарыстоўваючы сучасную тэрміналогію, могуць стала «падзараджацца». Гэта азначае, што яны павінны заўсёды быць злучаныя з крыніцай вечнага святла — Езусам, і да яго весці іншых.

Быццё соллю заклікае да пачуцця адказнасці быць ёю. Соль не можа страціць смак, бо тады гэта ўжо не соль і ёю нельга пасаліць ежу і прыдаць ёй лепшы смак. Таксама і хрысціянін павінен чуваць, каб не страціў свайго хрысціянства, «не выветрыўся». Сучасны секулярны свет патрабуе хрысціянскага смаку, каб дапамагчы іншым застацца сапраўднымі хрысціянамі. Гэта заданне пакліканых быць вучнямі Хрыста.

4. Вас, студэнтаў, Бог паклікаў пазнаваць законы прыроды і быцця. Вы рыхтуецеся стаць інжынерамі, урачамі, філосафамі, фізікамі, матэматыкамі... З гэтага пункту гледжання вы павінны стаць святлом свету, бо навука — гэта святло. Вы павінны стаць таксама і соллю зямлі, каб захаваць яе ад сапсаванасці.

Аднак выключна навуковы падыход да праблемы святла і солі не вырашае ўсіх праблем. Мы бачым, што навука сапраўды дапамагае ў вырашэнні многіх праблем. Аднак у той жа час, вырашэнне адных праблем выклікае з’яўленне іншых. Неадказнае і неэтычнае выкарыстоўванне дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі, супярэчыць праву Божаму і вядзе да цывілізацыі смерці. Незахаванне маральных прынцыпаў з’яўляецца прычынай сацыяльнай несправядлівасці.

Усё гэта нагадвае пра тое, што недастаткова мець толькі прагрэс навукі і тэхнікі, трэба ўдасканальвацца і духоўна. Трэба быць святлом свету і соллю зямлі таксама і ў духоўным сэнсе. Толькі калі развіццё навукі і духоўнасці будуць ісці нага ў нагу, тады чалавек і свет будуць развівацца гарманічна. Бо тады добра адукаваны чалавек, з’яўляючыся святлом свету і соллю зямлі, будзе здольны паказаць іншым Бога.

5. Аднойчы прафесар спытаў студэнтаў, што для іх з’яўляецца сэнсам жыцця. Адказы былі розныя: хутчэй скончыць вучобу і распачаць працу, зрабіць кар’еру, заснаваць сям’ю і г.д.

Тады прафесар выняў з кішэні маленькае люстэрка і расказаў цікавую гісторыю. Ён знайшоў яго падчас вайны на месцы разбітага ваеннага матацыкла. Ён, яшчэ дзіця, гуляўся з ім, пускаў сонечных «зайчыкаў», а потым выпадкова адкрыў, што з яго дапамогай святло можна паслаць туды, куды яно ніколі не даходзіць. Люстэрка не з’яўляецца крыніцай святла, але можа накіраваць яго ў цёмнае месца. Таксама і чалавек, не з’яўляючыся крыніцай боскага святла, можа перадаць яго тым, хто яго не ведае. «Гэта і ёсць сэнс майго жыцця», — сказаў на заканчэнне прафесар.

6. Дарагія студэнты, грызучы граніт навукі, рыхтуючыся да прафесійнага жыцця, памятайце аб тым, што як сваімі ведамі, так і вераю вы павінны змяняць свет. Таму будзьце сапраўды святлом свету і соллю зямлі. Калі праз аднаго чалавека ў свет увойдзе трошкі больш любові і дабра, святла і праўды, то жыццё чалавека будзе мець сэнс, чаго вам усім ад усяго сэрца жадаю. Амэн.

Адноўлена 18.05.2011 17:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі