Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас адвэнтавага чування моладзі


Мінская катэдра, 10 снежня 2011 г.

Быць соллю зямлі і святлом свету


«Вы — соль зямлі, вы — святло свету».

Глыбокапаважаная моладзь!

1. Гэтыя словы прапануе нашай увазе Касцёл сёння, калі мы сабраліся на чарговае адвэнтавае спатканне ў межах падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння.

Ці зямлі і свету не добра без нас? Ці не могуць адбывацца без нашага ўдзелу справы гэтага свету? Ці патрэбныя мы сучаснаму свету ў якасці солі і святла? Такія і падобныя пытанні ўзнікаюць у сучаснага, а асабліва маладога, чалавека.

Пастараемся адказаць на іх.

2. Нярэдка ў наш час мы чуем пра самазабойства таго ці іншага чалавека ці нават цэлай групы людзей, і найчасцей маладых. Як правіла, яны пакідаюць пасля сябе запіскі, у якіх пішуць, што страцілі сэнс жыцця, або што жыццё іх замучыла і г.д.

Такім чынам сучасны свет выдумаў сабе лек ад цярпення, ад змучанасці жыццём і страты надзеі. У некаторых краінах пайшлі яшчэ далей. Там прыняты законы аб эўтаназіі. Не трэба нават самому турбавацца. Дастаткова пайсці да лекара, і ён усё вырашыць без лішніх клопатаў.

3. У той жа час трэба памятаць, што Евангелле заўсёды актуальнае. Так было не толькі дваццаць стагоддзяў таму. Так ёсць і ў наш час. Трэба толькі ўслухоўвацца ў словы Хрыста і дзейнічаць паводле іх.

Калі благаслаўлёны Ян Павел II пачаў гаварыць пра цывілізацыю смерці, то многія называлі яго песімістам. І ў той жа час, калі свет ад хваробы змучанасці жыццём выдумаў лек, якім з’яўляецца смерць, Евангелле прадстаўляе іншы лек — які вядзе да жыцця. Менавіта яно кажа: вы — соль зямлі, вы — святло свету.

4. Сучасны чалавек вельмі часта ўскладае сваю надзею на развіццё навукі і тэхнікі або на свой розум. Без сумніву трэба сказаць, што для жыцця і развіцця чалаека патрэбны розум. Аднак толькі розуму не дастаткова для дасягнення шчасця. Чалавечы розум у чымсьці нагадвае аўтамабіль, які можа завезці нас туды, куды мы хочам, але ён не пакажа напрамку, куды мы павінны ехаць. Ён завязе нас туды, куды мы хочам, але не дасць гарантыі, што мэта нашага падарожжа добрая. Мы хочам некуды ехаць ці ісці, але ці сапраўды мы павінны? Такое пытанне стаіць сёння перад намі.

5. Таму над мапай розных жыццёвых дарог чалавека Бог запальвае свой пражэктар, каб асвятліць чалавечы шлях. Гэтым пражэктарам з’яўляецца Евангелле. Гэта азначае, што да розуму павінна далучыцца вера, калі мы жадаем прыйсці туды, куды павінны, і не трапіць туды, куды не павінны. Нездарма благаслаўлёны Ян Павел II навучае, што вера і навука — гэта два крылы, дзякуючы якім чалавек дасягае праўды.

Гэты Божы пражэктар дзейнічае праз сумленне — праз голас Бога ў нашай душы, які павінен рэалізавацца праз евангельскае сведчанне.

6. Усё часцей мы становімся сведкамі дыскусій пра месца і ролю хрысціянаў у сучасным свеце. Чуем пахвалу і прызнанне, асабліва калі хрысціяне актыўна ўключаюцца ў дабрачынныя акцыі. Высока ацэньваецца роля Касцёла ў галіне выхавання і навучання, у барацьбе за сацыяльую справядлівасць, правы і годнасць чалавечай асобы, у апецы над хворымі і сіротамі. Але адначасова мала або зусім нічога не гаворыцца пра тое, што ў наш час хрысціянства стала рэлігіяй, якая найбольш церпіць пераслед і пры тым у краінах з багатымі хрысціянскімі традыцыямі.

Усё часцей выказваюцца словы крытыкі, калі Касцёл звяртаецца да сэрцаў і сумленняў людзей, калі нагадвае пра неабходнасць захавання закону Божага, калі грэх называе па імені або ўказвае на духоўную пагрозу, якая зыходзіць, напрыклад, з неадпаведнага карыстання Інтэрнэтам, медыцынскіх і генетычных эксперыментаў, з распаўсюджвання праз мас-медыя псеўдакаштоўнасцяў і амаральнага спосабу жыцця.

7. Аднак Хрыстус у сваім Евангеллі настойліва нагадвае пра ролю і заданні, якія маюць хрысціяне. Ён кажа, што незалежна ад часу і абставін хрысціянін павінен быць соллю зямлі і святлом свету. Што азначаюць гэтыя дзве метафары?

7.1. Соль мае вялікае значэнне ў жыцці чалавека. Аб карысных уласцівасцях солі вядома ад старажытнасці. Соль у сваіх творах апісваў грэчаскі філосаф Платон, а яго суайчыннік паэт Гамер называў яе боскім прадуктам.  Старажытныя філосафы лічылі, што соль даражэйшая, чым золата, бо без золата можна пражыць, а без солі — не.

Англійскае слова salary, што азначае зарплата, паходзіць ад лацінскага слова sal — соль. Зарплата рымскім легіянерам выплачвалася не толькі грашыма, але і соллю. Слова салдат паходзіць ад англійскага слова soldier, якое, у сваю чаргу, паходзіць ад лацінскіх слоў sal dare, што азначае таго, якому даюць соль. Кансервіруючыя ўласцівасці солі былі вядомы і старажытным егіпцянам, якія ёю бальзаміравалі муміі.

Езус сказаў апосталам у Нагорным казанні, што яны — соль зямлі. Гэтым самым, выкарыстоўваючы ўласцівасць солі захоўваць ежу ад сапсавання, Ён указваў на тое, што апосталы павінны аберагаць вернікаў ад маральнага сапсавання.

Называючы сваіх вучняў соллю зямлі, Езус не меў на думцы толькі тых, якія слухалі Яго дзве тысячы гадоў таму, але ўсе пакаленні хрысціянаў. Ён заклікае іх быць соллю чалавецтва. Соль заўсёды лічылася жыццядайнай субстанцыяй, якая захоўвае ежу і дае ёй смак. Паводле закону Майсея, соль таксама павінна была дадавацца да кожнай ахвяры, што складалася Богу. У Старым Запавеце соль была сімвалам сувязі паміж Богам і чалавекам.

Езус, кажучы, што Ягоныя вучні павінны быць соллю зямлі, нагадвае пра пасланніцтва сваіх вучняў, якіх кліча і якім давярае місію нясення слова Божага і хрысціянскага сведчання ў свеце. Калі хрысціяне не будуць выконваць гэтай місіі, то стануць падобнымі да солі, якая страціла свой смак і якую трэба выкінуць і патаптаць. У гэтых словах Хрыста гучыць перасцярога: хрысціянін, які не выконвае свайго задання, не ўносіць у жыццё хрысціянскіх каштоўнасцяў і няверны Богу, будзе адкінуты светам і патаптаны, як соль, што страціла свой смак. Патаптанне з’яўляецца вобразам Божага суду.  

7.2. Святло адыгрывае незаменную ролю ў жыцці як чалавека, так і свету. Уявім сабе, што сонца згасла і больш не свеціць. Настала б абсалютная цемра, што прывяло б да знікнення ўсялякага жыцця. Святло патрэбна для вегетацыі раслін. Гэта вельмі добра бачна на поўначы, дзе ёсць так званая палярная ноч. Лета там вельмі кароткае, затое сонца свеціць амаль што 24 гадзіны ў суткі і такім чынам дае магчымасць вырошчваць ураджай за кароткі час.

У духоўным сэнсе ніколі не заходзячым сонцам з’яўляецца Езус Хрыстус. Ён, які ёсць святло для асвятлення язычнікаў, называе святлом і сваіх вучняў. Мы прызвычаіліся да слова святло і не вельмі задумваемся над тым, што яно на самой справе азначае. Звычайна святлом мы называем бачную частку электрамагнітнага выпраменьвання. Але ёсць і святло, нябачнае чалавечаму воку. Гэта ультрафіялетавае і інфрачырвонае выпраменьванне. Святло распаўсюджваецца ў пустаце з аднолькавай хуткасцю — 300.000 м/с. Гэта адна з фізічных пастаянных, якія называюцца хуткасцю святла.

Называючы сваіх вучняў святлом свету, Езус, як і ў выпадку з соллю, мае на ўвазе усіх хрысціянаў. Яго святло накіравана да ўсяго чалавецтва і раз’ясняе цемру ўсім людзям. У Старым Запавеце святлом называлі Бога, ізраэльскі народ і выдатных людзей. Цяпер Езус давярае гэтае заданне сваім вучням. Хрысціяне павінны быць святлом і несці Божае святло іншым людзям. Такім чынам яны будуць працягваць пасланне Хрыста, які ёсць святло для тых, хто ў цемры.

Веруючыя, як дзеці святла, павінны свяціць так, як свеціць лямпа, якую не хаваюць, а ставяць высока, у цэнтральным бачным месцы, каб яе святло магло асвятляць як мага большую прастору. Толькі тады людзі могуць карыстацца святлом, якое дае лямпа.

Хрыстус заклікае, каб святло, якім з’яўляюцца хрысціяне, свяціла людзям. Гэтым святлом з’яўлецца жыццё паслядоўнікаў Хрыста. У іх учынках людзі павінны бачыць і распазнаваць Бога і Яго моц, якая перамяняе. Святло, якое хрысціянін запальвае і падтрымлівае сваім жыццё, бачнае ў духоўнай цемры сучаснага свету таксама, як здалёк бачны маяк у моры. Падобна таму, як маяк указвае шлях караблям у бяспечны порт, так і святло, якім мы павінны быць, указвае напрамак і дарогу да Бога тым, хто заблукаў, хто стомлены, хто ў пошуку. Бачачы гэтае святло і ідучы за ім, людзі ідуць шляхам спаўнення Божага Закону, які з’яўляецца гарантыяй будавання справядлівага грамадства і дасягнення вечнага шчасця.

Будучы соллю зямлі і святлом свету, хрысціяне таксама з’яўляюцца місіянерамі. Яны не захоўваюць Евангелле толькі для сябе, але дзеляцца ім з іншымі. І чыняць гэта не толькі прыгожымі словамі, але і сваім жыццём.

8. Услухоўваючыся ў словы Хрыста «вы — соль зямлі, вы — святло свету» і «няхай вашае святло свеціць», мы ўказваем на іх катэгарычнасць. Яны гучаць як наказ. Таму сёння запытаем у сябе, ці выконваем мы яго ў сваім жыцці? Ці на самой справе з’яўляемся евангельскай соллю і святлом? Ці соль нашага жыцця змяняе смак сучаснага свету? Ці святло асвятляе дарогу іншым? А можа, мы страцілі смак хрысціянскай солі? Можа, нашае хрысціянскае святло згасла і замест таго, каб свяціць, толькі закурваецца, адпужвае іншых?

У святле сённяшняга Евангелля нам неабходна нанава запаліць святло Хрыста і клапаціцца, каб яно не пагасла. Прыкладам ажыццяўлення задання быць соллю зямлі і святлом свету з’яўляюцца першыя хрысціяне, якія былі ў свеце тым, чым у целе ёсць душа.

9. Калі нехта злучаецца з Хрыстом і ў ім праяўляецца праўда Збаўцы, то гэта ўсё адбываецца з мэтай служэння іншым. Соллю зямлі ніхто не становіцца праз сваю моц, але дзякуючы лучнасці з Хрыстом і гатоўнасці паддацца Яго волі, прыняць крыж, які з’яўляецца неад’емнай часткай нашага жыцця.

Таму быць соллю зямлі і святлом свету азначае быць гатовым ахвяраваць сваё жыццё служэнню Хрысту дзеля дабра людзей.

Соль, каб выканаць сваю функцыю, павінна распусціцца. Таксама і святло павінна распаўсюджвацца, каб асвятляць усё навокал.

Дарагая моладзь, надзея свету і Касцёла, надзея нашай Бацькаўшчыны! Будзьце евангельскай соллю і святлом. А значыць будзьце тымі, хто жыве Божаю праўдаю, паводле Божага, а не амаральнага ці прыдуманага чалавекам закону. Не паддайцеся спакусе адступіць ад яго і спакусе паліткарэктнасці ў справах маралі. З’яўляючыся соллю, не бойцеся несці яе ў свет і насыціць яго, каб захаваць ад маральнага сапсавання. З’яўляючыся святлом, напоўніце ім свет і дапамажыце іншым людзям, асабліва вашым аднагодкам, не хадзіць у цемры, але ў збаўчым святле Евангелля. Амэн.

Адноўлена 11.12.2011 02:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі