29 верасня 2012 г., парафія Св. Міхала Арханёла ў Багданаве
Калі Бог з намі, то хто супраць нас!
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята свв. Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. У парафіі ў Багданаве — патранальнае свята св. Міхала Арханёла і адпуст. Яўрэйская духоўнасць была напоўнена глыбокай пашанай і адначасова страхам перад Панам. У такой сітуацыі анёлы дапамагалі гаварыць пра атрыбуты і актыўнасць Бога. Іх называлі рукой Бога, плячом Бога, вуснамі Бога, пасланцамі Бога і г.д.
2. Анёлы — гэта духоўныя істоты, якія маюць розум і вольную волю, але не маюць цела. Яны вядуць барацьбу з сіламі зла і дапамагаюць чалавеку на яго шляху да збаўлення. Таму пра іх можна сказаць, што яны жывуць і дзейнічаюць на стыку двух светаў — нябачнага і бачнага. Іх заданні выражаны ў іх імёнах. Святы Грыгорый Вялікі кажа, што імя анёла азначае не яго прыроду, але заданне.
Што ж азначаюць імёны святых, якіх мы сёння ўзгадваем?
Калі мы паглядзім на імёны арханёлаў, то заўважым цікавую справу. Кожнае з іх на яўрэйскай мове заканчвацца на «-эль»: Міхал — Міха-эль, Гаўрыла — Габры-эль і Рафал — Рафа-эль. Слова «эль» на яўрэйскай мове азначае «Бог». Таму Міхал азначае «хто ж як Бог». Габрыэль — «Бог моцны». А Рафал — «Бог лечыць».
Паводле біблейскага аповеду святы Міхал з воклічам «Хто ж як Бог» выступіў супраць збунтаванага Люцыфера і перамог. Як пераможца варожых у дачыненні да Бога і Касцёла сілаў, ён дапамагае людзям у барацьбе са злом. Цікава, што ў многіх краінах Захаду падчас ганенняў на Касцёл у былым Савецкім Саюзе пасля св. Імшы абавязкова чыталася малітва да св. Міхала Арханёла ў інтэнцыі пераследуемага Касцёла. Існуе перакананне аб прысутнасці Арханёла Міхала пры смерці чалавека, таму Касцёл заахвочвае маліцца да яго.
Арханёл Габрыэль са Святога Пісання вядомы нам як пасланец Божай волі. Менавіта ён абвясціў Марыі, што яна стане Маці Збаўцы. З чыста чалавечага пункту гледжання гэта было немагчыма, аднак Габрыэль паказаў, што ў Бога ўсё магчыма. Праз вусны Габрыэля праявілася Божая моц.
Зыходзячы з таго, што заданнем Габрыэля было пераказваць Божую волю, папа Пій XII абвясціў яго апекуном тэлеграфа, тэлефона, радыё і тэлебачання.
Святы Арханёл Рафал вядомы са Старога Запавету як той, які суправаджаў у падарожжы маладога Тобія і дапамагаў яму. Ён таксама вылечыў яго бацьку. Таму менавіта праз Рафала праявілася лечачая моц Бога, і ён лічыцца апекуном хворых і падарожнікаў.
З дзіцячых гадоў мы прызвычаіліся да малітвы нашаму Анёлу ахоўніку і вельмі любім яе, бо праз яго мы давяраем сябе Богу.
Такім чынам, анёлы адкрываюць нам праўду аб Богу, які прысутнічае ў нашым жыцці. Гэта адначасова доказ рэальнай небяспекі, якая пагражае чалавеку з боку зла. Духоўная барацьба, якую апісвае св. Ян у Апакаліпсісе, з’яўляецца не толькі сімвалічным вобразам, але рэальнасцю нашага жыцця, аб чым сведчыць штодзённы досвед.
3. Як сучасны чалавек, які разлічвае толькі на свае сілы, павінен успрымаць анёлаў? Ці яны яму яшчэ патрэбныя? Ці ён можа абысціся без іх? Такія і падобныя пытанні задаюцца сёння вельмі часта.
Адказваючы на іх, неабходна адзначыць, што гісторыя, якая з’яўляецца настаўніцай жыцця, не аднойчы паказала, што чалавеку патрэбна Божая дапамога, што сваімі сіламі ён не зможа вырашыць узнікаючыя праблемы.
Сучасны свет усё больш і больш адыходзіць ад Бога. Ён падобны да збунтаваных анёлаў. У такой сітуацыі Арханёл Міхал вучыць нас, каб мы паўтарылі яго словы: «Хто ж як Бог». Гэта азначае, каб мы сваім жыццём пацвердзілі праўду, што вышэй за Бога няма нікога і нічога.
Успомнім яшчэ не такія далёкія часы, калі нашы бацькі і дзяды падчас ганенняў на Касцёл нават цаною свайго жыцця не баяліся паўтарыць гэтыя словы. Сёння ніхто не забараняе адкрыта верыць, аднак у той жа час хрысціянства становіцца найбольш пераследуемай рэлігіяй у свеце. Мы асуджаем атэістаў за тое, што яны бурылі касцёлы і ламалі крыжы. На нашых вачах сёння таксама спілоўваюцца крыжы, і ў некаторых вельмі дэмакратычных краінах гэта ўспрымаецца як знак свабоды. А пра тое, што такім чынам абражаюцца пачуцці вернікаў, ніхто не кажа і не хоча ўспрымаць пярэчанняў.
Таму сёння нам неабходна падняцца на абарону нашай веры. А для гэтага самім трэба быць моцнымі верай. На жаль, сучасны свет перажывае новы і глыбокі крызіс веры. Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў Год веры, які распачнецца 11 кастрычніка. Яго мэта — паказаць прыгажосць веры і нанава яе распаліць у сэрцах вернікаў, каб яны маглі сваім жыццём паўтарыць словы: «Хто ж як Бог», і гэтым самым з Яго дапамогай перамагчы зло і славіць Божую веліч.
Сучасны свет таксама павінен адчуваць Божую моц. Мы шукаем дапамогі паўсюль, каб вырашыць свае праблемы. Але ці звяртаемся да Бога? Можа, здаецца, што праблема не можа быць вырашана. Тады пагроза з боку зла становіцца вельмі небяспечнай. У такіх выпадках неабходна звяртацца да моцы Божай, якую нясе Арханёл Габрыэль. Ён і сёння стаіць каля нас, як стаяў калісьці каля Марыі, і кажа, што ў Бога няма рэчаў немагчымых. Ён з’яўляецца веснікам Божай інтэрвенцыі, якая здольная перамагчы кожную духоўную пагрозу. Нам трэба памятаць аб тым, што той, хто даверыўся Богу, ніколі не будзе асаромлены.
Наступствы дзейнасці злога духа праяўляюцца ў розных хваробах цела і душы. Гэта найчасцей наступае з-за выбару стылю жыцця без Бога і Яго закону.
Калі нам штосьці баліць, то куды спяшаемся? Да лекара. Аб гэтым усе ведаюць. Але ці спяшаемся да духоўнага лекара, калі баліць душа? Гэта прынцыповае пытанне, і на яго трэба адказаць. Арханёл Рафал, праз якога праявілася Божае аздараўленне, і сёння таксама вядзе нас да Бога, які лечыць і вяртае поўню жыцця.
3. Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняе свята святых арханёлаў і асабліва Арханёла Міхала, апекуна парафіі ў Багданаве, павінна нас схіліць да большай малітвы да анёлаў, як Божых пасланцаў і тых, хто дапамагае чалавеку ў яго вандроўцы да паўнаты збаўлення. Павінна яно таксама нас натхніць быць сучаснымі Міхаламі, каб мужна бараніць нашу веру і дапамагаць іншым перамагчы зло; быць Габрыэлямі, каб свету, які сумняецца, паказаць Божую моц і згодны з Божай воляй шлях выхаду з цяжкай сітуацыі; быць Рафаламі, каб дапамагаць людзям у зямной пілігрымцы, лячыць іх добрым словам і прыкладам і прывесці да нябеснага лекара. Амэн.
|