Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі падчас Імшы ў межах семінара «Хрысціянства ў свецкіх СМІ» |
Баранавічы, 2-3 сакавіка 2013 г. Евангелле, якое мы пачулі, дае нам надзею на тое, што Бог міласэрны. Усім грэшнікам і ўсім малаверным мы хацелі б сказаць: Бог прабачае ўсё і паяднацца з Богам можна ў кожную хвіліну. Мы лічым сябе вернымі сынамі Бога, прабываючы заўсёды ў Яго доме, аднак забываем запытаць сябе: ці прасякнутыя мы Духам Айца, ці разумеем усе Яго намеры? А інтэнцыяй і намерам Айца з’яўляецца захаванне гонару сям’і, пашана і пераказ найсвяцейшых традыцый, далікатнае захоўванне таямніцаў. Для Айца асабліва важна дапамагчы ў рэабілітацыі таму, хто зблукаў. А мы, на жаль, маем вельмі добрую памяць на памылкі іншых, нават калі хтосьці спатыкнуўся адзін раз. Як трывалую пячатку, прыклейваем знак якасці марнатраўным сынам, хоць яны праходзяць вялікія прыніжэнні і ўсё чыняць, каб ізноў вярнуцца на ранейшае месца ў Божай сям’і. Каб той, хто вяртаецца, мог знайсці бяспечны прытулак у доме Айца, браты не павінны кіравацца толькі і выключна юрыдычным правам і аптэчным вымярэннем справядлівасці. Жыць разам з Айцом — гэта азначае кіравацца логікай любові, хутка забываць праступкі сына і радасна супрацоўнічаць у адбудове духоўных руінаў. Усе мы складаемся з розных недасканаласцяў і хутка б страцілі зямлю пад нагамі, калі б не падтрымлівала нас айцоўская спагадлівасць Бога. Бываюць такія сітуацыі, калі прыкрытае вока на слабасць брата не вызваліць у ім смеласці да чынення зла, але, наадварот, у гэтым позірку ён знойдзе спагаду і дапамогу ў важных высілках у накірунку дабра. Мы бачым вяртанне марнатраўнага сына. Яго вітанне адбываецца ў радаснай атмасферы — пры музыцы, танцах і вясёлых жартах. Можа, чагосьці іншага чакалі сведкі навяртання, як той старэйшы брат і як браты ў наш час, якія хацелі б інакш бачыць навяртанне сваіх горшых братоў. А можа, і горшыя браты чакаюць, што іх будуць прыніжаць, што сустрэнуць іх папрокамі і справядлівым вымярэннем прысуду. Можа, гэтага чакаў і той марнатраўны сын з прыпавесці. Калі на рэкалекцыях і падчас іншых казанняў развіваецца тэма аб навяртанні, то мы звычайна падрыхтаваныя да прыняцця адмоўных пачуццяў, неахвотнага ўспрымання самога сябе, суму і прыгнечанасці. Хто, аднак, не адрознівае жалю за грахі ад суму, той не адчуў, што такое жаль за грахі, які паходзіць ад Духа Святога. Гэта нармальна, калі той, хто паяднаўся з Богам, хто атрымаў сакрамэнтальнае прабачэнне, адчувае радасць. І Пан Езус лучыць навяртанне з пачуццём глыбокай радасці. Ахвотна многія чытаюць дэтэктыўную літаратуру. Артыкулы падобнага зместу змяшчаюцца і ў перыядычных выданнях. Інтэрнэт-рэсурсы таксама маюць рубрыку «крымінал і здарэнні». Аднак такая інфармацыя не ўплывае на пазітыўную фармацыю чалавека. А чалавек не заўсёды шукае матэрыялы фармацыйнага характару. Яны, на думку большасці, нецікавыя, нудныя. Слова Божае на сённяшні дзень заахвочвае кожнага да працы ў гэтым кірунку, каб не толькі паінфармаваць пра разбойніка і марнатраўнага сына, але і штосьці зрабіць самому, каб дапамагчы кожнаму, хто сышоў з правільнага шляху, вярнуцца ў дом Айца. Дапамагчы яму пасля непрыемных здарэнняў атрымаць поўны давер ад супольнасці, у якой ён жыве. Калісьці прачытаў разважанні пра смяротнае пакаранне. Выконваючы смяротны прысуд, узаконены правам той альбо іншай краіны, грамадскасць дэманструе сваю бязраднасць у перавыхаванні асобы, якая мае сур’ёзныя заганы і ўчыніла такое, што дзеля бяспекі іншых яе фізічна ліквідуюць. Такі прысуд, па меркаванні аўтара артыкула, сведчыць аб няздольнасці грамадскай супольнасці да выхавання чалавечай асобы. У энцыкліцы «Бог ёсць любоў» Бэнэдыкт XVI напісаў: пазнанне жывога Бога — гэта дарога, якая вядзе да любові, а згода нашай волі з Яго воляй лучыць розум, волю і пачуцці ў адзін акт любові. Аднак гэта працэс, які застаецца ў пастаянным развіцці, — любоў ніколі не можа быць споўнена і закончана. Напэўна, для фармацыі чалавека з хрысціянскімі поглядамі на жыццё, вялікі ўплыў робяць сродкі масавай камунікацыі. І таму ўсё больш усведамляем, што не ад колькасці перададзенай інфармацыі залежыць выхаванне чалавека. Новы чалавек, сучасны хрысціянін — гэта той, хто разумее і выконвае свае абавязкі ўзорна. Гэта асоба, якая ўмее адпаведна выкарыстоўваць інфармацыю, якая ў сваю чаргу спрыяе яе духоўнаму росту і дапамагае ў здабыцці чалавечых і хрысціянскіх якасцей. |
Адноўлена 04.03.2013 12:59 |