Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча падчас Імшы Вячэры Пана |
Баранак Божы Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Імшой успаміну Апошняй Вячэры Каталіцкі Касцёл распачынае Пасхальны Трыдуум. Апошні ў спісе літургічных святаў займае першае месца, бо падчас яго разважаюцца таямніцы збаўлення чалавецтва. Пасхальны Трыдуум распачынаецца святой Імшой Вячэры Пана, падчас якой Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства. Мы прызвычаіліся да выразу «Апошняя Вячэра». Аднак на самой справе яна не была апошнім пасілкам, які Езус спажываў з апосталамі. Пасля Яго ўваскрасення былі і іншыя. На самой справе ў перакладзе з грэчаскай мовы гэтая Вячэра гучыць як сакрамэнтальная Вячэра, бо пачас яе Хрыстус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства. Вельмі прыгожа назва гэтай Вячэры гучыць на расійскай мове: «Тайная Вечеря», ад слова «таинство» — «сакрамэнт». Такім чынам падчас сённяшняга набажэнства Касцёл заклікае нас да разважанняў над таямніцай устанаўлення непарыўна звязаных паміж сабой сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. Святарства вырастае з Эўхарыстыі і ўстаноўлена найперш для Эўхарыстыі. Але няма Эўхарыстыі без святарства, бо толькі святар мае права яе цэлебраваць. Устанаўленне гэтых сакрамэнтаў — гэта знак бязмежнай любові Бога да чалавека, бо, дзякуючы святару ў Эўхарыстыі, Езус застаецца з чалавецтвам назаўсёды. 2. Адна гісторыя распавядае пра вялікае здзіўленне турыстаў, калі на вежы аднаго з касцёлаў яны ўбачылі фігуру баранка. Яны спыталіся ў святара, чаму яна там аказалася і што азначае. Святар ім распавёў, што, калі будавалі вежу касцёла, нечакана адзін працаўнік сарваўся і ўпаў уніз. Усе былі ўпэўнены, што ён забіўся на смерць. Аднак ён застаўся жывы. У чым справа? Як можна не забіцца, падаючы з высокай вежы? Адказ быў вельмі просты: унізе пасвіўся статак баранаў, і чалавек упаў акурат на аднаго з іх. Баранак загінуў на месцы, але чалавек застаўся жыць. Менавіта на ўспамін гэтага цудоўнага здарэння на вежы на той вышыні, з якой упаў уніз чалавек, была ўсталявана фігура баранка. 3. Гэта гісторыя вельмі сімвалічная адносна сённяшняга ўспаміну Апошняй Вячэры. Першае сённяшняе чытанне з Кнігі Зыходу распавядае пра цудоўнае выйсце габрэяў з егіпецкай няволі, у якой яны знаходзіліся на працягу 430 гадоў. Іх духоўным лідарам Бог устанавіў Майсея, які аж дзевяць раз хадзіў да фараона і прасіў вызвалення. Кожны раз фараон адмаўляў. Дзевяць разоў Бог пасылаў розныя кары на егіпцян. Нарэшце, Майсей ідзе да фараона дзясяты раз і зноў атрымлівае адмоўны адказ. Тады Бог пасылае яшчэ адну кару: анёл смерці забівае кожнага першароднага егіпецкага сына. У той жа час дзеці габрэяў засталіся жывымі, бо дзверы іх дамоў былі пазначаны крывёю ягняці. Пры гэтым гатовыя да выхаду габрэі павінны былі з’есці або спаліць мяса забітага баранка, каб нічога не засталося. Гэта вельмі сімвалічна, бо азначае адмежаванне ад былога жыцця ў няволі і выйсце на свабоду. Гэта біблейская гісторыя вельмі сімвалічная, бо ў кожным доме ў Егіпце быў забіты баранак або першародны сын. Там, дзе быў забіты баранак, жыццё першароднага сына было ўратавана. Усё гэта азначае, што, каб уратаваць жыццё першароднага сына, неабходна было забіць баранка. 4. На памяць аб гэтым габрэі штогод святкавалі свята Пасхі як свята выйсця з егіпецкай няволі, якое адбылося дзякуючы Божаму ўмяшальніцтву. Аднак сутнаснае значэнне габрэйскай Пасхі не ў яе гісторыі, а ў той унікальнай ролі, якую яна адыграла ў жыцці габрэйскага народа. Яна стала святам свабоды. Божая любоў і Яго збаўчае дзеянне заўсёды давалі людзям надзею перад абліччам фізічных і духоўных цяжкасцяў. 5. Габрэйская Пасха з’яўляецца сімвалам хрысціянскай Пасхі. Як кроў баранка выбавіла габрэяў з егіпецкай няволі, таксама і кроў Хрыста выбавіла ўсіх людзей з грахоўнага рабства. Езус, ведаючы, што набліжаецца гадзіна, дзеля якой Ён прыйшоў у гэты свет, збірае разам усіх апосталаў, каб з імі святкаваць габрэйскую Пасху і падчас яе ўстанавіць сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства. Галоўным пасілкам падчас габрэйскай Пасхі з’яўляецца забіты і потым з’едзены баранак. Езус добра ведаў, што адзін з Ягоных вучняў выдасць Яго на смерць. Такім чынам Ён павінен быў стаць ахвярай — выдадзеным за грахі свету баранкам Божым. Гэта ахвяра была ўвекавечана Езусам у Эўхарыстыі як некрывавай Яго ахвяры, якая, дзякуючы служэнню святароў, паўтараецца на ўсіх алтарах свету. У Эўхарыстыі да нас прыходзіць Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету. Езус не хацеў пакінуць сваіх вызнаўцаў без сваёй прысутнасці. Ён ведаў, што будзе вельмі патрэбны ім і таму знайшоў вельмі просты спосаб — застаўся з імі ў постацях хлеба і віна. Гэтым самым ён хацеў яднацца з душой чалавека, як хлеб і віно яднаюцца з яго арганізмам. Таму Эўхарыстыя і святарства з’яўляюцца знакамі Божай любові да чалавека, а Апошняя Вячэра — вячэрай любові і адначасова вячэрай запавету Езуса, які заклікае цэлебраваць Эўхарыстыю і прымаць яе. Сёння, у свята Божай любові, спытаемся сябе, ці мы сапраўды любім бліжняга і ці хочам па прыкладу Езуса абмыць яму ногі, як гэта сёння чыніць папа Францішак у рымскай калоніі для непаўналетніх. Спытаемся, ці ў гэтае свята Эўхарыстыі мы сапраўды цэнім знак збаўчай Божай любові, якая выражаецца ў ахвяры Хрыста як Баранка Божага за нашыя грахі? Ці кожную нядзелю і свята прымаем удзел у святой Імшы? Ці Эўхарыстыя з’яўляецца для нас хлебам жыцця вечнага? Ці яднае яна нас з Богам і бліжнім? Ці адчуваем мы сябе падчас Эўхарыстыі сапраўдным Касцёлам, Народам Божым? Спытаемся і адкажам, бо ад гэтага будзе залежаць як наша зямное жыццё, так і вечнае. Амэн. Выкарыстаная літаратура: |
Адноўлена 29.03.2013 10:30 |