Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ян Паспяшальскі: быць хрысціянінам — найбольшая прыгода жыцця, якую варта перажыць
Інтэрв'ю
05.08.2011 19:04

Івянец у многіх католікаў Беларусі асацыіруецца з дзвюма падзеямі: малітоўнай сустрэчай моладдзі і музычнай майстэрняй. І калі сёлета сустрэча пройдзе толькі ў чацвёрты раз, то музычна адораныя людзі збіраюцца ў гэтым невялікім мястэчку ўжо дзевяты год запар. Сёння ў рубрыцы "інтэрв’ю" мы гутарым з вядомым польскім музыкантам і журналістам, арганізатарам “Музычнай майстэрні” спадаром Янам Паспяшальскім. 

Спадар Ян, як так атрымалася, што вядомы музыка, былы ўдзельнік гурта «Czerwone gitary», культурны дзеяч, тэлевядучы стаў стваральнікам “Музычнай майстэрні” ў беларускім Івянцы?

— Гэта не я стварыў, а Святы Дух. Ён выкарыстаў мяне як прыладу. 10 год таму да мяне звярнуўся а. Лех Баханэк OFMConv, якога тады яшчэ не ведаў. Святар прыехаў у Варшаву, каб набыць ударныя інструменты для парафіі. Айцец Лех знайшоў мяне, каб я дапамог у выбары інструментаў. На просьбу святара я адказаў, што ў касцёле не варта іграць на ўдарніках, а лепш прыгожа спяваць на шмат галасоў. “Так, — пагадзіўся святар, — але мы не ўмеем”. На што я прапанаваў падзяліцца ўласным вопытам і навучыць жадаючых.

У той час я супрацоўнічаў з групай руху “Святло-жыццё” парафіі Св. Тамаша ў Варшаве, з якімі мы ўжо ўдзельнічалі і самі рабілі музычныя майстэрні ў некаторых мясцінах Польшчы.

Едучы ў Івянец у 2003 г., мы жадалі, перш за ўсё, паспрыяць аднаўленню літургічнай музыкі, каб святая Імша была па-мастацку аздоблена.

Тут а. Лех падрыхтаваў месца сустрэчы і запрасіў моладзь (прыехала каля ста чалавек). Канечне, не ва ўсіх атрымоўвалася добра спяваць, але нам дапамаглі некаторыя акалічнасці. Сустрэча праходзіла ў адным памяшканні, а надвор’е было дрэнным (штодня, на працягу ўсяго тыдня ліў дождж), і ўвесь час мы былі вымушаны праводзіць адно з адным.  І таму нават той, хто не ўмеў, мусіў спяваць з намі.

Напачатку мы не мелі дакладнай праграмы, а ўстанаўлівалі яе ў працэсе працы майстэрні, у залежнасці ад патрабаванняў удзельнікаў і іх магчымасцяў. Дзяліліся на групы па галасах (альт, тэнар, бас), працавалі з музыкантамі. Вучылі тых, хто не ведаў нот. Але калі сабіраліся разам, калі ў паветры пачуўся гук, адчуў незабыўнае пачуццё.

Адчуваючы, аднак, пэўную дыстанцыю паміж тымі, хто навучаў, і ўдзельнікамі і жадаючы яе пераадолець, мы пачалі праводзіць музычныя вечары, гутарылі, расказвалі пра сябе, дзяліліся сведчаннямі веры. Паволі, крок за крокам, нам удалося стварыць атмасферу супольнасці і выпрацаваць праграму плённай працы і радаснага адпачынку.

Гэта першая сустрэча запомнілася чуллівым і хвалюючым развітаннем. З першага дня я зразумеў, што мы павінны ўважліва прыслухоўвацца да маладых людзей, пераадольваць моўны бар’ер, старацца адразу перакладаць тэксты песень на беларускую мову, знаёміцца з мясцовай культурай.  

У наступныя гады мы вырашылі зрабіць раздзяленне на малыя групы, вучыліся не толькі літургічным спевам, але і тым, што не прынята спяваць падчас св. Імшы. Майстэрня — гэта і магчымасць дзяліцца сваім перажываннем і сведчаннем веры.

Вы кажаце пра тое, што дзеліцеся сведчаннем веры і музычным вопытам, але як стала так, што Вы пачалі займацца духоўнай музыкай?

— Музыкай я займаюся з дзяцінства, але апошнім часам яна не з’яўляецца маёй асноўнай прафесіяй. Але літургічным спевам захапляўся заўсёды, нават калі працаваў журналістам, аўтарам тэлеперадач.

Але заўсёды імкнуўся раздзяляць музыку і журналістыку. Калі прыязджаў у Івянец, забываў аб працы і цалкам прысвячаў сябе музыцы. У гэтым я адчуваю сваё служэнне ў Касцёле. Цяпер ў Івянец прыводжу і сваіх дзяцей.

Для чаго стваралася і існуе майстэрня?

— Важна ўсвядоміць, што святая Імша — незвычайная, “касмічная” падзея, што кожная літургія — гэта Божы цуд, і таму мы павінны клапаціцца, каб культ быў на належным узроўні, каб Эўхарыстыя сапраўды цэлебравалася з вялікай павагай. Пасля з’явілася яшчэ адна мэта — гэта супольнае перажыванне жыцця і служэння ў Касцёле праз спеў, музыку, танец. Мы паказваем, што быць хрысціянінам — гэта справа людзей не толькі састарэлана ўзросту. Быць хрысціянінам — гэта найбольшая прыгода жыцця, якую варта пражыць, захапляльная, хоць і страшэнна складаная.

Заўважаю, што з цягам часу майстэрня дапамагае і развіццю парафіі ў Івянцы.

Чым для Вас з’яўляецца музыка і якое месца ў жыцці займае?

— Калісьці музыка была крыніцай майго ўтрымання, заробкам. Цяпер ужо не працую як музыкант, але з музыкай, як з плаваннем ці з яздой на веласіпадзе: калі навучыўся, то ўжо на ўсё жыццё. Музыка аб’ядноўвае нашу сям’ю (маіх бацькоў, дзевяцера сыноў і ўжо некаторых іх дзяцей), бо многія з нас — музыканты. Нас дзевяць братоў, многія з нас актыўна ўдзельнічаюць у музычным жыцці Польшчы, іграюць у вядомых гуртах, пішуць музыку, працуюць з артыстамі эстрады. Для мяне музыка — гэта і форма кантакту з іншымі людзьмі.

Прысутнасць Бога з’яўляецца вялікай ласкай для нас. Адчуваю, што варта адкрыцца на Яго, і Бог абавязкова зменіць наша жыццё. А ў гэтым нам можа дапамагчы музыка.

Гутарыла Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.