Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Быць вернымі свайму пакліканню». Завяршылася Усебеларуская сустрэча моладзі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.08.2011 14:59

7 жніўня 2011 г. стаў завяршальным днём ІІ Усебеларускай сустрэчы моладзі. Трохдзённы форум для маладых католікаў Беларусі была прысвечаны тэме «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры» і прымеркаваны да XXVI Сусветнага дня моладзі, што праз два тыдні стартуе ў Мадрыдзе.

У гэтыя дні тут адбылося некалькі канферэнцый, дыялог з біскупамі, круглыя сталы на актуальныя тэмы і музычныя канцэрты. У апошні дзень сустрэчы, 7 жніўня, адбылася святая Імша, узначаліў якую Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі іерарх прапанаваў моладзі паразважаць над тым, як стаць людзьмі моцнай веры.

«Вера — гэта вялікі скарб, і яна штодзённа павінна ўмацоўвацца, узрастаць і перамагаць цяжкасці. Калі яна не будзе ўзрастаць, то пачне змяншацца. Нездарма лацінская прыказка кажа: „Qui non prоgredit — regredit" ("Хто не ўдасканальваецца, той губляе сваю кваліфікацыю"). Чалавек, які не клапоціцца пра веру, больш увагі надзяляючы матэрыяльным справам, утопіцца ў жыцці, якое, як мора падчас шторму, толькі і чакае, каго б прыняць у сваю глыбіню», — адзначыў арцыпастыр у гаміліі.

«Дарагія браты і сёстры, дарагая моладзь! Услухаемся ў заклік Святога Айца Бэнэдыкта XVI і наноў адкрыем прыгажосць веры, каб не здрадзіць ёй і, ёю жывучы, быць сучаснымі і адначасова вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, якое з’яўляецца шляхам да шчасця на гэтай зямлі і ў вечнасці», — дадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Напрыканцы літургіі адбылася пасадка сімвалічнага дрэва. Зямля для гэтай акцыі была прывезена з сактуарыяў усіх дыяцэзій. Дрэва, як і мы ў Хрысце, павінна мець добрыя карані, каб ніякія буры яго не зламалі. Арцыпастыр благаславіў пілігрымаў, якія выязджаюць у Мадрыд, і ўручыў памятны знак адказнай за паездку Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юліі Шэдзько.

Сёлетняя малітоўная сустрэча моладзі стала заключным этапам падрыхтоўкі да XXVI Сусветнага дня моладзі, які адбудзецца 16–21 жніўня гг. у Мадрыдзе. Тэма сёлетняга форуму моладзі — вера. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікае моладзь паразважаць аб веры ў святле слоў св. апостала Паўла: «Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры» (пар. Кал 2, 7).

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме