Марта з Івянца |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.08.2011 14:37 |
Трохгадовая Марта – адна з самых незвычайных “удзельніц” ІІ Усебеларускай сустрэчы моладзі ў Івянцы. Ад іншых яна адрознівалася, найперш, ростам: яе галава ўзвышалася над зямлёй на два з паловай метры. Не менш уражвала яе грыва і колер “скуры”: Марта – конь. У Івянцы Марта жыве ўжо паўгода – да гэтага яна “працавала” ў Баранавічах у гарадскім парку – катала дзяцей. Як прызнаецца пробашч парафіі Міхала Арханёла ў Івянцы айцец Лех Баханэк OFM Conv, у парафіі Марта – адна з асноўных свойскіх жывёл, бо ні ката, ні сабакі пробашч не трымае. У Івянцы Марта жыве ў спецыяльным вальеры за кляштарам. І хоць на вальеры ёсць надпіс, які просіць “не карміць каня”, клапатлівыя парафіяне, асабліва дзеці, час ад часу – употай ад пробашча – частуюць Мартачку пячэннем і цукеркамі. І Марта ўдзячна з’ядае ўсё, хоць айцец Лех і дае ёй штодня авёс і траву. – Конь стварае пазітыўны клімат кляштару, – усміхаецца айцец. – Ды і любіць жывёл – у харызмаце францішканаў. А ты пагладзіў Марту? У той час як адны ўдзельнікі Сустрэчы моладзі шчыравалі ў спевах, другія – стаялі ў чарзе, каб пагладзіць Марту. Тая ўдзячна фыркала, асабліва, калі дзеці тыцкалі ў яе нос пальцам. Найбольш знаходлівыя нават завязвалі банты ёй на грыве. Марта зусім не баіцца людзей і пакорліва згаджаецца, каб на ёй ездзілі. Асабліва гэта даспадобы мясцовым дзеткам, якія ажно пішчаць ад радасці, калі іх адразу па трое (каб было хутчэй) садзяць у сядло, і Марта робіць ганаровы круг вакол вальера. Бадай, самым вядомым вершнікам, якога вазіла Марта, быў Мітрапаліт. Ён цудоўна трымаўся ў сядле, і было бачна, што вопыт верхавой язды ў яго ёсць. – На кані я катаюся з дзяцінства, у нас дома быў свой конь, – прызнаўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гутарцы з Catholic.by. – Нядаўна я быў у пустыні, дзе таксама праехаўся на вярблюдзе. Але вярблюды – павольныя, ездзіць на кані больш звыкла, гэтая жывёла нам усё ж больш вядомая. …Айцец Лех падыходзіць да вальера, а Марта, прыкмеціўшы пробашча, галопам скача прывітаць гаспадара. Пробашч гладзіць яе па пысе і дадае: – За дзень магу праехаць конна да 20-і кіламетраў. Вось толькі стараюся асцярожна, бо аднойчы няўдала зваліўся і зламаў рабро. Пры гэтых словах Марта лагодна хіліцца да гаспадара – шкадуе. Між іншым, як расказаў Catholic.by пробашч, магчыма, што ўжо вясной у Марты з’явіцца дзіцятка. Як яго назавуць, яшчэ не вырашылі. Пакуль жа, як пажартаваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, святарам так спадабаўся здымак арцыбіскупа-вершніка, што неўзабаве замест яго партрэта пробашчы пачнуць змяшчаць у закрыстыях здымак Мітрапаліта-вершніка, дзе разам з Мітрапалітам будзе і конь Марта. Ілья Лапато |
Фотарэпартаж |