Мінула ІІ Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі. Удзельнікі раз’ехаліся па дамах, і цяпер застаюцца толькі ўспаміны. Чым запомнілася гэта сустрэча, распавядаюць удзельнікі.
Багуслаў Гвоздзеў, Гомель: — Тут можна прыемна правесці час, адпачыць ад клопатаў штодзённага жыцця, памаліцца, пабыць з Богам.
Надзея Міхута, Зэльва: — Я ў Івянцы ўпершыню. У мінулым годзе сюды прыязджала наша арганістка, якая прапанавала налета абавязкова з'ездзіць у Івянец і нам. Некалькі чалавек з нашай парафіі прынялі ўдзел не толькі ў малітоўнай сустрэчы, але і ў музычнай майстэрні. Тут асаблівая атмасфера — і таму зусім не хочацца ад’язджаць. Песні праслаўлення, якія мы развучылі, дапамагаюць па-іншаму паглядзець на святую Імшу, вучаць перажываць яе больш поўна і ўрачыста. Брат Луіджы, Шчучын (Ордэн братоў Маці Тэрэзы Калькуцкай): — Удзельнічаю ў гэтай сустрэчы, каб мець магчымасць як мага больш распавесці маладым людзям пра Хрыста. Маці Тэрэза аднойчы сказала: “Ратуйце моладзь, бо яна вязне ў граху, а Бог пастаянна тужыць па ёй”. Важна, каб моладзь зразумела, што Бог у жыцці павінен быць на першым месцы. Спрабую казаць моладзі, з якой размаўляю, каб сваю надзею ўскладала на Бога.
Віталь Жартун, Заслаўе: — Я ўжо немалады, але быць з моладдзю мне цікава. Заўсёды, калі сюды прыязджаю, становіцца радасна. Сам Івянец – цікавая і прыгожая мясціна. Тут я заўсёды ўзгадваю сваю радзіму, дзе гэтак жа прыгожа. Лічу вельмі важным, што ў Івянцы людзі маюць магчымасць сустракацца, дзяліцца сваёй радасцю, талентамі (як у музычнай майстэрні), так і знаходзіць сябе.
Максім Бакевіч, Мінск: — Я ўпершыню прымаю ўдзел у падобнай сустрэчы і прыемна здзіўлены тым, як шмат людзей тут, так бы мовіць, “на адной хвалі” веры. Вельмі парадавала, што тут шмат святароў, да якіх можна падысці і якія з радасцю паразмаўляць з табой і дадуць неабходную параду. Вельмі цудоўнымі былі канферэнцыі і гаміліі. Ад сустрэчы засталіся толькі пазітыўныя ўражанні.
Святлана Жылевіч
|