На пытанні моладзі адказваюць іерархі Беларусі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
06.08.2011 14:45 |
Што сёння цікавіць каталіцкую моладзь Беларусі? Якія праблемы Каталіцкага Касцёла нашай краіны яе клапоцяць? Даведацца аб гэтым можна вельмі проста — задаўшы пытанне. Менавіта гэта і вырашылі зрабіць арганізатары сустрэчы моладзі ў Івянцы, і запланавалі дыялог моладзі з біскупамі. На пытанні маладых людзей адказвалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі. Пытанні можна было дасылаць і праз сайт Catholic.by. Напачатку Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў сціслую гісторыю і традыцыю святкавання Сусветнага дня моладзі і ўдзелу ў ім моладзі з краін былога СССР. Пасля кожны жадаючы мог задаць пытанне. На жаль, традыцыйнымі аказаліся пытанні пра планы выдання беларускай літургічнай літаратуры, у прыватнсці брэвіярыя (літургіі гадзінаў) і Бібліі. Традыцыйнымі, бо праца гэта працяглая, а продаж папярэдне выдадзенай літаратуры не вельмі радуе. Многія наклады застаюцца не раскупленымі. Аднак, паводле слоў Мітрапаліта, праца ідзе, і плануецца, што першы том брэвіярыя будзе выдадзены ў канцы наступнага года. А вось на выданне беларускай Бібліі ў нашага Касцёла “яшчэ не хапае сілы”. У святле апошніх падзей актуальным было пытанне аб верагоднасці з’яўлення ў Беларусі новых біскупаў. На што арцыпастыр заклікаў вернікаў маліцца ў дадзенай інтэнцыі:
— Прызначае біскупаў Святы Айцец. Тое самае — і са святарамі экзарцыстамі. Бо няма школы біскупаў ці экзарцыстаў, а для іх з’яўлення павінны быць належныя кандыдаты, з багатым вопытам працы. У дасланых пытаннях закраналася верагоднасць цэлебравання ў Мінску літургіі паводле Трыдэнцкага абраду. Па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, усё магчыма, але недастаткова жадання аднаго чалавека — павінна быць група людзей, адпаведна падрыхтаваны святар, міністранты. Наведвальнікі Catholic.by цікавіліся таксама стаўленнем Каталіцкага Касцёла да гамеапатычных лекаў. Па словах Мітрапаліта, Апостальская Сталіца не забараняе іх прымяненне, але і не заахвочвае да гэтага. Аднак у свой час былы старшыня Папскай рады па культуры кардынал Поль Пупар адзначаў, што распаўсюджванне гамеапатычных сродкаў спрыяе распаўсюджванню руху “New Age”. З асабістымі пытаннямі да іерархаў можна будзе звяртацца падчас працы ўсёй ІІ Усебеларускай сустрэчы моладзі. Святлана Жылевіч |
Фотарэпартаж |