Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ: сустрэчы студэнтаў з душпастырамі могуць набыць сістэмны характар
Інтэрв'ю
02.05.2012 21:48

«Кіраўнічая эліта павінна быць сапраўды высокамаральнай, справядлівай ва ўсіх сваіх праявах». А гэтаму, на думку дырэктара Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Мікалая Шчокіна, спрыяюць сустрэчы будучых кіраўнікоў з духавенствам. 2 мая 2012 г. па ініцыятыве Мікалая Шчокіна адбылася чарговая сустрэча слухачоў акадэміі з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.

— Мікалай Сяргеевіч, сённяшнюю сустрэчу Мітрапаліта Тадэвуша са слухачамі Вашай установы можна назваць лекцыяй. Як Вы думаеце, ці варта было б праводзіць падобныя сустрэчы непасрэдна ў акадэміі, нават у рамках навучальнай праграмы?

— Ведаеце, мы разглядаем гэтае пытанне. Аднак тут ёсць такі момант, што мы ўвесь час сядзім у аўдыторыях. А вось такія сустрэчы, як сустрэча з Мітрапалітам, — знакавыя. Таму хацелася б сустрэцца з ім у тых сценах, дзе ён служыць. Паглядзіце, мы сёння дакрануліся да пэўнай традыцыі, да пэўнай культуры. Сярод слухачоў толькі адзін па веравызнанні католік, усе астатнія — праваслаўныя. Аднак заўважце, які жывы інтарэс быў выкліканы ва ўсіх. І тое, што яны ўбачылі… Ім трэба ўбачыць, адчуць, прапусціць праз сэрца. Не заўсёды ў лекцыйнай аўдыторыі гэтага можна дасягнуць. Там усё ж такі больш фармальна. А тут не проста лекцыя атрымалася, а дыялог — дыялог паміж слухачом і Мітрапалітам. Да таго ж пытанні былі глыбокімі, змястоўнымі. Пачынаючы ад палітычных акцэнтаў — як напрыклад, аб прыездзе Бэнэдыкта XVI у нашу краіну, наколькі гэта магчыма, таму што Беларусь ставіцца да Рыма-каталіцкага Касцёла з вялікай павагай — і да пытанняў веры і розуму. А гэта пытанні вечныя. І ў слухачоў гэтыя пытанні ўзнікаюць, таму што яны будучыя кіраўнікі. А кіраўнічая эліта павінна быць сапраўды высокамаральнай, справядлівай ва ўсіх сваіх праявах. Да таго ж сталы кіраўнік — гэта вытанчанасць розуму і густу, грунтоўнасць суджэнняў і бездакорнасць жаданняў. Сталы кіраўнік можа фарміравацца на падобных сустрэчах, убіраючы ў сябе існуючую традыцыю і культуру.

— Можа, варта было б надаць гэтым сустрэчам сістэматычны і больш маштабны характар, каб запрашаць на іх не толькі жадаючых?

— Я думаю, так яно і будзе, бо мы якраз ідзём да гэтага. Трэба знайсці кропкі сутыкнення, якія нам узаемна дапамогуць. Так, напэўна, Вы маеце рацыю. І мы разважаем над тым, каб менавіта гэтыя сустрэчы набылі сістэмны характар, таму што сустрэчы з кіраўнікамі дзяржкіраванняў у нас пастаўлены на сістэмную аснову. А вось пытанне рэлігійнасці, пытанне веры — вельмі спецыфічнае. І не ў кожнай аўдыторыі яго можна падняць, не любая аўдыторыя ўспрыме яго адэкватна. Тут ёсць пэўныя нюансы. Ёсць падрыхтаваная аўдыторыя, ёсць менш падрыхтаваная. Гэта ўсё вельмі сур’ёзныя пытанні — пытанні духоўнасці і маральнасці. Як слушна заўважыў Яго Эксцэленцыя, калі сёння свет хворы на бездухоўнасць, амаральнасць, то даводзіцца часцей звяртацца да сакрамэнтальных, унутраных, іманентных чалавечых характарыстык. Вось у гэтым сэнсе такія сустрэчы, канешне, вельмі патрэбны.

— Ці адбываюцца падобныя сустрэчы з праваслаўнымі іерархамі і ўвогуле, якое значэнне маюць такія размовы з душпастырамі?

— Так, безумоўна, сустракаемся. (…) Справа ў тым, што навучальны працэс — гэта не толькі перадаванне ведаў або навучанне кіраванню. Перш за ўсё трэба на ўласным прыкладзе паказаць як трэба кіраваць самім сабой. І тут мы ізноў выходзім на духоўнасць. На маю думку, праз нейкі час, бо гэта ўсё трэба абдумаць, пераасэнсаваць, прапусціць праз сябе, праз сваю душу і сэрца, мы гэта паставім на сістэмную аснову.

— Дзякую за размову і да новых сустрэч!

Размаўляла Валянціна Крутая

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.