Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: каталіцка-праваслаўныя форумы — важная пляцоўка экуменічнага дыялога
Інтэрв'ю
04.06.2012 12:24

5–8 чэрвеня 2012 г. у Лісабоне пройдзе III Каталіцка-праваслаўны форум, у якім прыме ўдзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. З гэтай нагоды мы папрасілі арцыпастыра адказаць на некаторыя пытанні адносна мэтаў правядзення падобных канферэнцый.

— Ваша Эксцэленцыя, раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя каталіцка-праваслаўных форумаў.

— Ідэя форумаў была прадыктавана патрэбай выклікаў часу. Касцёл і Царква, хаця і не з гэтага свету, аднак дзейнічаюць у гэтым свеце і праз сваё навучанне стараюцца яго змяняць на лепшы, найперш праз духоўную змену самога чалавека. Ужо даўно вядзецца тэалагічны каталіцка-праваслаўны дыялог, які вырашае існуючыя паміж нашымі Касцёламі багаслоўскія праблемы. Аднак жыццё паказвае, што патрэбны яшчэ і практычны дыялог, які дапамог бы адказаць на выклікі сучаснасці. Гэтым, акурат, і займаюцца каталіцка-праваслаўныя форумы.

—  Хто іх арганізуе, як часта яны адбываюцца і хто прымае ў іх удзел?

— Форум арганізуе Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы і праваслаўныя Цэрквы Еўропы. Такія форумы праводзяцца кожныя два гады па чарзе ў краінах з каталіцкай і праваслаўнай большасцю. У іх прымае ўдзел аднолькавая колькасць прадстаўнікоў з кожнага боку (звычайна прыкладна па 20 біскупаў, святароў і экспертаў).

— Чаму прысвечаны форумы?

— Галоўная ідэя форумаў — гэта пошук адказу на найбольш акуальныя выклікі часу. Каталіцка-праваслаўныя форумы з’яўляюцца важнай пляцоўкай экуменічнага дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі і адначасова месцам пошуку супольнага, абгрунтаванага сацыяльным хрысціянскім вучэннем Захаду і Усходу, адказу на хвалюючыя пытанні сучаснасці.

Першы форум адбыўся ў 2008 г. у італьянскім горадзе Трэнта і быў прысвечаны сям’і. Другі форум праводзіўся ў 2010 г. на востраве Радос (Грэцыя) і быў прысвечаны адносінам Касцёл—дзяржава. Актуальны, ужо трэці, форум прысвечаны тэме «Эканамічны крызіс і беднасць. Выклікі для сучаснай Еўропы».

— Як праходзіць праца форумаў?

— На першым і другім форуме кожны з удзельнікаў выступаў з дакладам на тэму форуму з актуалізацыяй да краіны, якую ён прадстаўляў. На трэцім форуме прынята іншая схема. Раней вызначаныя прадстаўнікі дзвюх дэлегацый выступяць з дакладамі, у якіх будуць закрануты наступныя аргументы:

  1. Пошук прычыны эканамічнага крызісу:
  • феномен беднасці ў адносінах да сацыяльнай справядлівасці;
  • секулярызацыя, лібералізацыя і абядненне духоўнасці ў адносінах да актуальнага крызісу.
  1. Пошук адказу: любоў, аўтэнтычнае развіццё, сацыяльная справядлівасць, салідарнасць, адносіны з актуальным крызісам.
  2. Роля Цэркваў: словы і факты.

Пасля дакладаў распачнецца дыскусія. Звычайна па выніках форуму рыхтуецца сумесная заява з канкрэтнымі прапановамі. Па выніках другога форуму была выдадзена адмысловая кніга з усімі выступленнямі і прынятымі дакументамі.

Дзякуем за размову і жадаем поспехаў у Вашай пастырскай місіі ў Беларусі і ў развіцці так неабходнага практычнага дыялога і супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.