Біскуп Клеменс Піккель: запрашэнне ў Будслаў – сапраўдны падарунак |
Інтэрв'ю |
06.07.2012 19:45 |
Апошнія 22 гады ў пачатку ліпеня Будслаў прымае вялікае мноства пілігрымаў. Нібы ўвесь Касцёл у Беларусі канцэнтруецца ў гэтым месцы, якое славіцца цудоўным абразом Маці Божай. А вось у Расіі вернікам не так проста сабрацца ў адным месцы на малітву – такія вялікія абшары гэтай краіны. “Людзі перажываюць гэтую адзіноту”, – сцвярджае біскуп Клеменс Піккель, ардынарый дыяцэзіі Св. Клімента ў Саратаве. – Ваша Эксцэленцыя, вітаем Вас у Беларусі. Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі аб нашай краіне, аб веруючых, якіх сустрэлі па дарозе ў Будслаў. – З пілігрымамі я прайшоў прыкладна паўтары гадзіны. І я вельмі ўдзячны за гэты адрэзак часу. Я немец, але ўжо больш 20 гадоў жыву ў Расіі і адчуваю сябе там дома, таму, калі кажу ў нас, то маю на ўвазе Расію. Дык вось у нас, у Расіі, няма месцаў пілігрымавання. Гэта вялікі дэфіцыт. Каталіцкі Касцёл у Расіі заўсёды быў меншасцю ў дыяспары. Парафіі знаходзяцца далёка адна ад адной. Людзі перажываюць гэтую адзіноту. Калі ж прыязджаеш сюды, няглядзячы на тое, што і тут здараюцца пэўныя цяжкасці, як і ва ўсім сучасным свеце, вельмі прыемна на душы. Слова прыемна нават не можа перадаць усе пачуцці. Запрашэнне я атрымаў некалькі месяцаў таму. Прыняў яго па-сяброўску. І гэтым запрашэннем арцыбіскуп Тадэвуш па-сутнасці зрабіў мне падарунак. – Наш арцыпастыр Тадэвуш называе Вас спецыялістам па моладзі… – У нас ёсць Канферэнцыя Біскупаў, чатыры біскупы, восем камісій, якія працуюць у розных пастрыскіх кірунках. І вось я з’яўляюся старшынёй Камісіі па справах моладзі. Я звычайна займаюся падрыхтоўкай дыяцэзіяльных, усерасійскіх або сусветных сустрэч моладзі, па магчымасці еду туды, як напрыклад, у мінулым годзе ў Мадрыд. Вось у гэтым сэнсе я спецыяліст па моладзі. А паводле пасады і ўзросту я той, кім мяне прызначылі. – Але паводле ўнутранага духу – малады. – Па ўнутранаму духу, я думаю, усе біскупы маладыя. Ваш арцыбіскуп таксама. З іншымі я мала знаёмы. Хрысціянін – гэта чалавек, які ўжо жыве ў вечнасці, таму, можна сказаць, наша прывілея – гэта вечная маладосць, надзея і радасць. Гэта і дае нам калі не энтузіязм, то ўнутраны рух, які неабходны, каб не спыніцца недзе на шляху. – Вы сустракаецеся з маладымі людзьмі. Ці лёгка знайсці мову з сучаснай моладдзю? – Тэарэтычна мне заўсёды здаецца, што складана. А на практыцы – я заўсёды здзіўляюся як гэта проста. Нягледзячы на тое, што кажуць і думаюць, моладзь нядрэнная. Безумоўна, я ў асноўным кантактую з моладдзю ўнутры Касцёла. І мяне здзіўляе, як шмат сур’ёзнасці ў адносінах да жыцця ў нашай моладзі. Гэта не відаць на першы погляд, але калі прысвячаеш ім кавалак свайго часу, яны з удзячнасцю на гэта адклікаюцца. Ім патрэбны гэтыя сустрэчы, ім неабходна парада. Але яны хочуць яе пачуць не з трэцяга паверха, ім трэба штосьці больш блізкае, сяброўскае. І яны адкрыты на гэта. Сябраваць – гэта наша пакліканне, гэта па-хрысціянску. Дзякуй Богу, што гэта не так складана. – Абавязкі біскупа не заканчваюцца на душпастырстве моладзі, гэта таксама кіраванне дыяцэзіяй. Некалькі словаў пра гісторыю дыяцэзіі ў Саратаве і пра сучасны этап. – З 1848 года існавала Ціраспальская дыяцэзія. Ціраспаль – гэта ўвогуле горад у Малдавіі. Тэрытарыяльна гэта была вялікая дыяцэзія з біскупскай кафедрай у Саратаве. Такім чынам, я сёмы біскуп у Саратаве, нягледзячы на тое, што пасля савецкіх дзесяцігоддзяў я першы. У 1998 годзе мяне прызначылі дапаможным біскупам у Маскве. І фактычна з дня майго біскупскага пасвячэння існавалі дзве структуры – у Маскве і на поўдні (з цэнтрам у Саратаве – Рэд.). Так ужо пятнаццаты год існуе дыяцэзія ў Саратаве. У ёй працуе больш за 40 святароў, з якіх толькі чацвёра – рускія. Усе з-за мяжы, з розных краін свету – з Аргентыны, Індыі, Украіны, Польшчы, са Славакіі, Германіі, Францыі, Галандыі і т.д. З аднаго боку, гэта вельмі прыгожа. Бо мы адчуваем, што такое паўсюдны Касцёл. З іншага, мы адчуваем, што наша дыяцэзія стаіць на кволых нагах: я не магу сказаць, як будзе праз пяць гадоў. Бо ўсе святары прыехалі толькі на нейкі час. А заўтра іх біскупы або манаскія кангрэгацыі могуць сказаць ім вяртацца дамоў. І я не маю ўплыву на гэта. Частка майго паклікання – клапаціцца, каб яны засталіся як мага больш (усміхаецца – Рэд.). Таму што аўтаномных семінарыстаў у нас няма. Ёсць тры кандыдаты, якія ў верасні накіруюцца ў семінарыі. У гэтым годзе мы маліліся аб пакліканнях – упершыню! – дзевяць дзён і дзевяць начэй усёй дыяцэзіяй. І Бог даў трох юнакоў, якія жадаюць прысвяціць сябе служэнню. Гэта цуд! – У Вашай дыяцэзіі больш за 40 святароў, а колькі парафій, вернікаў? – Па ўсёй дыяцэзіі ў нас прыкладна 20 тысяч католікаў. Тэрыторыя ж вялікая. Уявіце сабе Іспанію, Партугалію, Германію і Францыю разам. Гэта тэрыторыя нашай дыяцэзіі. Самая маленькая ў Расіі і ўсё ж такі даволі вялікая. Паміж парафіямі каля 500 кіламетраў. Усяго каля 50 парафій, але духоўных цэнтраў, дзе жывуць святары, -- 25. Там, дзе святар жыве, парафіяльнае жыццё развіваецца, дзе ж святар толькі абслугоўвае, прыязджае і ад’язджае – нічога не адбываецца. Калі ж я хачу, каб парафія ўмацоўвалася і развівалася, я павінен даць ім святара. Гэта ўказвае на тое, як важна знайсці тых людзей, якія думаюць пра пакліканне да святарства. Мы жывём надзеяй. Чалавек няверуючы кажа: надзея памірае апошняй. А мы, хрысціяне, ведаем, што надзея не памірае ніколі, -- надзея пераходзіць у ісціну. Маркс лічыў, што рэлігія – гэта опіум для народа, а мы ўсведамляем, што гэта наша адзіная надзея, усё астатняе – тупік. – Ваша Эксцэленцыя, Вы таксама з’яўляецеся членам Папскай рады “Cor Unum”. Адна з місій гэтага ведамства – каардынацыя дабрачыннай дзейнасці. Якая Ваша роля ў радзе? – Каталіцкі Касцёл у Германіі, Іспаніі, Італіі і іншых краінах мае моцныя дабрачынныя арганізацыі – “Рэнавабіс”, “Касцёл у патрэбе”, “Карытас”, Мальтыйскі ордэн… Папская рада, карыстаючыся гэтымі крыніцамі і каардынуючы іх дзейнасць, стараецца хутка рэагаваць на бяду чалавека. Я ў гэтай радзе адыгрываю вельмі маленькую ролю – прадстаўляю краіну, недастаткова фінансава здольную. У Рыме гэта разумеюць, хоць у свеце думаюць, што Расія багатая краіна – газ, нафта… Але я жыву ў правінцыі, і ведаю, што сёння чалавек жыве бядней, чым 20 гадоў таму. Таму ў радзе я прадстаўляю бедных людзей. – Дзякую за размову. Няхай Маці Божая Будслаўская заступаецца за Вас і Вашу паству. Размаўляла Валянціна Грамыка |