Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад а. Пятра Фраштэнгі OCD падчас сустрэчы, прысвечанай духоўнасці Кармэлю
Дарога да святасці паводле св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус


Добры Бог не дае прагненні, якія нельга рэалізаваць у жыцці.

Кожны з нас у сваім жыцці хоча чагосьці дасягнуць, кімсьці стаць. Аднак здараюцца моманты, калі мы расчароўваемся, а нашыя самыя запаветныя планы не рэалізоўваюцца. Чаму так? Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус паказвае нам дарогу, як знайсці паўнату свайго жыцця. Яна, кармэлітанка, якая пастаянна жыла ў кляштары, стала місіянеркай. Як гэта? Сваё сэрца св. Тэрэза даверыла Богу, а Ён напоўніў яго Сабою і сваімі дарамі, учыніў плённным і руплівым так, што яна, ніколі не выходзячы з кляштара, несла дапамогу, суцяшэнне і падтрымку.

Што зрабіла яе здольнай да такога апостальства, нягледзячы на свае абмежаваныя магчымасці? Гэта жывое, дзейснае, глыбокае прагненне Бога. Менавіта яно вызначыла святой Тэрэзе накірунак, у якім яна здабыла вяршыню чалавечнасці, паклікання і святасці.

Прагненне з’яўляецца першай і адзінай матывацыяй у імкненні да Бога, да поўні жыцця. Жывое прагненне Бога з’яўляецца элементам сапраўднага імкнення да еднасці з Ім, што здзяйсняецца праз любоў.

«Мы — дзеці, якія крочым да Бога — падкрэслівае Тэрэза, — і Бог ніколі не дае нам такіх прагненняў, якія б не маглі быць рэалізаванымі. Таму ў адказ на Яго заклік да святасці трэба з надзеяй і даверам дазволіць Богу дзейнічаць у нашым жыцці».

Першым заданнем на гэтым шляху з’яўляецца так званае ачышчэнне поля бою праз тое, што мы вызваляем гэтае наша прагненне ад усяго, што можа яго заглушыць, каб яно стала адзінай крыніцай усіх нашых дзеянняў. Нам трэба ўвайсці ў Божую рэчаіснасць, у план Божага стварэння, жадаючы зрабіць смелы выбар паміж усім і нічым. І гэтае абсалютнае першынство Бога ёсць фундаментам духоўнасці.

Тэрэза была запалена прагненнем рэалізацыі вялікіх рэчаў, каб для Хрыста быць кармэлітанкай, нявестай, маці, ваяўніцай, святаром, апосталам, мучанікам. Кожнае з гэтых пакліканняў яна жадала перажываць вельмі глыбока ў прасторы і часе. Аднак яна пытала ў Езуса: «О, мой Езу, што ты адкажаш на гэта маё вар’яцтва? Ці ёсць яшчэ душа меншая і больш няздольная ад маёй?»

Духоўны рэалізм Тэрэзы ставіць яе ў праўдзе перад сваімі магчымасцямі. Таму для нас яна з’яўляецца дасканалым узорам прыняцця Божага закліку тут і цяпер.

Тэрэза знайшла адказ у Божым слове. Першае пасланне святога Паўла да Карынцянаў адкрыла перад ёй таямніцу Касцёла. У яго сэрцы ўсё яднае любоў.

Тэрэза піша: «Я зразумела, што любоў заключае ў сабе ўсе пакліканні, з’яўляецца ўсім, ахінае ўсе часы і ўсе месцы… Адным словам, любоў з’яўляецца вечнай!»

Агонь прагненняў, які палаў у сэрцы Тэрэзы, перамяніўся ў вогнішча любові і адданасці, калі яна адкрыла сваё месца ў Касцёле і паўнату свайго паклікання, якую выказала з вялікай і невыказнай радасцю, як сама аб гэтым піша: «У сэрцы Касцёла буду любоўю».

Шуканне спосабу рэалізацыі ўсіх сваіх прагненняў прывяло Тэрэзу да поўнага пазнання свайго паклікання, сваёй дарогі да Бога. І менавіта ад гэтага моманту яна вызначыла прагненне як першы і галоўны імператыў сваёй малой дарогі ў духу дзіцячага даверу Богу.

Яна адкрыла, што прагненне Бога ёсць нічым іншым, як моцным даверам да Яму. І прагненне атрымала ў яе асаблівае значэнне, таму што яно дазволіла Тэрэзе здзейсніць радыкальны выбар самога Бога і адкрыць, што крыніцай усякага дзеяння ёсць любоў і толькі яна надае сэнс усяму, што мы робім, усім нашым учынкам. Тэрэза не баіцца цалкам давяраць гэтаму прагненню і не дапускае, каб агонь яго згаснуў. Яна сцвярджае, што Пан Бог даваў ёй прагненне таго, чым хацеў яе адарыць.

Калі Тэрэзе было чатырнаццаць год, яна перажыла пэўны досвед, які натхніў яе адносна прагнення. Некалькі дзён яна апекавалася двума дзецьмі. Калі хацела, каб дзяўчынкі добра сябе паводзілі, яна казала ім аб вечнай узнагародзе. І такі падыход аказаўся вельмі эфектыўным. Такая атмасфера схіляе да задумы, што прагненне дабра і шчасця ў нейкай ступені перамяняе нас. А добра накіраваныя прагненні вызваляюць у нас новыя магчымасці, адвагу і мужнасць, каб змагацца за здзяйсненне гэтых духоўных натхненняў.

Прагненне стварае прастору для дзейнасці Божай ласкі, якая, запальваючы ў нас гэтыя ўзнёслыя памкненні, адначасова дае сродкі і заданні. Адкрытасць на тое, каб нас вёў Бог, і ўслухоўванне ў Яго слова, дазваляе нам адкрыць гэтую ўнутраную крыніцу натхнення, якая ўзносіць нас да Бога праз адданне, самавырачэнне і шчыры давер да Яго.

Вельмі важнай справай з’яўляецца ўпарадкаванне сваіх прагненняў. Тэрэза вельмі часта казала сваім сёстрам-навіцыянткам: «Адзіны ёсць толькі Езус, а ўсё іншае не істотна».

Свае прагненні заўсёды трэба распазнаваць, каб адкідваць тое, што не ад Бога і што Яго засланяе і з’яўляецца толькі амбіцыйным імпульсам. Трэба і варта зрабіць свабодную прастору для сапраўднай, аўтэнтычнай рэчаіснасці. Кожны з нас, нягледзячы на тое, што ўсё вакол хутка прамінае, мае настальгію па чымсьці вечным, неабсяжным. Можна выпрацаваць у сабе гэтую здольнасць імкнуцца да самой мэты прагненняў, каб мець магчымасць аддаць усё за тую адзіную каштоўную пярліну.

Адкрыццё святой Тэрэзы грунтуецца на Божым слове. Як для яе, так і для нас, яно можа стаць жыццядайнай крыніцай пазнання і дзейнасці, што вядзе да Бога. Каб адкрыць сваё пакліканне, трэба яго спачатку прагнуць, жадаць яго. Калі прагненне ўзнікла, трэба пачаць шукаць дарогу яго рэалізацыі, абапіраючыся на Божае слова, у якім Бог у поўнай меры дае адказ на сэнс нашай дарогі.

Кожны з нас ідзе непаўторнай сцежкай да Хрыста. Тэрэзе было недастаткова быць толькі кармэлітанкай, маці душаў, каб па-сапраўднаму рэалізаваць сваё пакліканне. Яно існуе не толькі ў нас, але і па-за намі. Жыццё святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус было кароткім, не было ў ім сенсацыйных падзеяў, але нягледзячы на гэта, пражыла яна яго з незвычайнай духоўнай інтэнсіўнасцю. А ўсё гэта дзякуючы любові.

Яе прагненне поўнай шчырасці ў адносінах да Бога не дазволіла ні на хвіліну адмовіцца ад унутраннай працы і змаганняў з сабою, каб заўсёды безупынна шукаць дарогу да поўнага дару з сябе, каб стаць святой па меры сваёй магчымасці. Гэта доказ таго, што цяжкасці ў адкрыцці сэнсу прагненняў не толькі могуць быць звязаны з эгаізмам і амбіцыямі, але перш за ўсё з пошукам для сябе дарогі да паўнаты гэтай мэты.

Хрыстус ставіць вымаганні для таго, каб абудзіць прагненні. Ён адзін ведае сэрца і багацце чалавечай асобы і бачыць здольнасці чалавека, каб той пакінуў усё дзеля Таго, хто яго кліча. Прыклад Тэрэзы, прагненні якой  узнімаліся па-над звычайным жыццём, няхай будзе для нас узорам, як належыць шукаць адказы на ўнутранныя памкненні сэрца і ўсёй сваёй асобай адказваць на Божы заклік.

Малітва св. Тэрэзы:

О, Найсвяцейшая Тройца, прагну Цябе любіць і пабуджаць іншых, каб любілі Цябе, хачу працаваць на хвалу святога Касцёла, ратуючы душы, якія жывуць на зямлі і якія церпяць пакуты ў чысцы. Прагну дасканала выконваць Тваю волю і дайсці да той хвалы, якую Ты для мяне падрыхтаваў у сваім Валадарстве. Хачу быць святой, але адчуваю сваю нямогласць і прашу Цябе, Божа, стань маёю святасцю.
Ахвяруючы Табе скарбы і заслугі Твайго Сына, з радасцю прашу, каб Ты ўзглянуў на мяне праз аблічча Езуса і праз Яго сэрца, палаючае любоўю. Прагну, каб усё маё жыццё стала актам дасканалай любові, аддаюся Табе на ахвяру ўсеспалення Тваёй міласэрнай любові.


Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, маліся за нас.

Адноўлена 27.05.2011 14:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску