Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды прызначэння біскупа Антонія Дзям’янкі ардынарыем Пінскай дыяцэзіі |
Слова да святароў, кансэкраваных асобаў, вернікаў Пінскай дыяцэзіі і ўсіх людзей добрай волі з нагоды прызначэння Яго Эксцэленцыі біскупа Антонія Дзям’янкі ардынарыем Пінскай дыяцэзіі Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. 3 мая 2012 г., у свята св. апосталаў Філіпа і Якуба, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваім клопаце пра духоўнае жыццё вернікаў і іх развіццё прызначыў новага ардынарыя Пінскай дыяцэзіі — Яго Эксцэленцыю ксяндза біскупа Антонія Дзям’янку. Мы ўсе з нецярплівасцю чакалі гэтага моманту, бо Касцёл ёсць там, дзе ёсць біскуп, — як навучае св. Ігнацый з Антыёхіі. Таму кожны мясцовы Касцёл павінен мець свайго біскупа. 2. Пінская дыяцэзія, якая мае больш чым 85-гадовую гісторыю, заслужана можа ганарыцца гадамі свайго станаўлення і росквіту, калі яе першы біскуп Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі закладаў яе падмуркі, ствараў структуры, у тым ліку і Пінскую духоўную семінарыю. Яго працу паспяхова працягваў біскуп Казімір Букраба. Аднак хутка прыйшлі іншыя часы, II Сусветная вайна і доўгія гады ганенняў на Касцёл і пераследу веры. У выніку тых драматычных падзей Пінская дыяцэзія на пяць дзесяцігоддзяў засталася без біскупа. У складаных абставінах ганенняў на Касцёл дыяцэзіяй кіравалі Генеральныя вікарыі. І толькі ў 1989 г. пасля таго, як благаслаўлёны Ян Павел II прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Беларусі, вернікі Пінскай дыяцэзіі, як і ўсёй Беларусі, атрымалі біскупа. У 1991 г. гэты Вялікі Папа сваім прарочым рашэннем заснаваў у Беларусі Мінска-Магілёўскую Мітраполію, у склад якой увайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, новаўтвораная Гродзенская дыяцэзія і тэрытарыяльна рэфармаваная Пінская дыяцэзія. Тады шматгадовы пробашч Пінскай катэдры кс. пралат Казімір Свёнтэк быў прызначаны першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам і адначасова Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі ажно да асаблівага распараджэння Апостальскага Пасаду (ad nutum Sanctae Sedis). На яго плечы было ўскладзена адказнае заданне адбудовы Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, асабліва ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Менавіта яго намаганнямі былі адноўлены яе знішчаныя раней структуры і заснаваны новыя, з якіх аднымі з найважнейшых з’яўляецца каталіцкая Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску і Катэхетычны каледж імя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. 3. У сувязі з цяжкім станам здароўя Яго Эмінэнцыі ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка 30 чэрвеня 2011 г. папа Бэнэдыкт XVI задаволіў яго просьбу і звольніў з пасады Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі. Адначасова Пантыфік на гэтую пасаду прызначыў мяне. Другі раз у маім жыцці мне давялося ўзяць на сябе адказнасць за пінскі Касцёл. Я разумеў, што быць адначасова на дзвюх катэдрах — у Мінску і Пінску — справа вельмі складаная, але маім крэда заўсёды было і застаецца паслухмянасць Папу. У гэтым сіла Касцёла. Я прыняў на сябе новыя абавязкі і стараўся сумясціць іх з абавязкамі на Мінска-Магілёўскай катэдры, молячыся, каб надышоў дзень прызначэння новага біскупа ардынарыя для Пінскай дыяцэзіі. І вось 3 мая 2012 г. гэты дзень настаў — быў прызначаны яе трэці ардынарый. 4. Сёння дзякую Богу за тое, што ў такі складаны час дапамагаў мне і адорваў сваімі дарамі і ласкамі ў духоўнай апецы і кіраванні пінскім Касцёлам. Бязмежна ўдзячны Святому Айцу Бэнэдыкту XVI за давер і малітву ў маёй інтэнцыі. Пры гэтым не магу не ўзгадаць з удзячнасцю прадстаўніка Святога Айца ў Беларусі Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці за яго зацікаўленасць і дапамогу. Са словамі асаблівай падзякі звяртаюся да дапаможнага біскупа Казіміра Велікасельца, які «дваіўся» і «траіўся» ў выкананні сваіх абавязкаў у дапамозе мне. Немагчыма пераацаніць адданасць, ахвярнасць, шчырасць і адкрытасць сэрцаў супрацоўнікаў Пінскай дыяцэзіяльнай курыі, за што няхай іх шчодра ўзнагародзіць добры Бог, а я са свайго боку жадаю выказаць ім маю шчырую ўдзячнасць. Дарагія святары і кансэкраваныя асобы! Без вас я быў бы генералам без войска і нічога не змог бы зрабіць. Дзякую за вашу шчырасць, адкрытасць, дапамогу і адданую працу. У вас я сустрэў сваіх паплечнікаў. З вамі было вельмі прыемна працаваць, і гэтая праца была плённай. Вы прымалі актыўны ўдзел у пастырскіх сустрэчах і акцыях, дзякуючы якім квітнела і развівалася рэлігійнае жыццё ў пінскім Касцёле. Семінарыя як сэрца дыяцэзіі таксама шмат дапамагала ў выкананні маіх абавязкаў. Alma Mater на берагах Піны за гэты час арганізавала і правяла прысвечаны 10-годдзю аднаўлення дзейнасці гэтай духоўнай установы сімпозіум і цяпер арганізуе другі, прысвечаны 80-годдзю адыходу ў дом нябеснага Айца першага Пінскага біскупа Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Вялікі дзякуй за ўсё! Выказваю шчырую ўдзячнасць Катэхетычнаму каледжу імя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Менавіта гэты духоўна-выхаваўчы асяродак арганізаваў вельмі актуальны сімпозіум на тэму евангелізацыі і новых сродкаў масавай камунікацыі, а таксама выступіў з многімі новымі і вельмі цікавымі ініцыятывамі. Дзякую айцам вербістам за тое, што ў доме Святой Тройцы ў Баранавічах праводзіліся пастырскія сустрэчы, і за тое, што ў гэтым гасцінным доме я таксама меў магчымасць спыняцца. Не магу не ўзгадаць вернікаў. Вашыя адкрытыя сэрцы, усмешкі, добразычлівасць і клопат пра Касцёл заўсёды мяне вельмі прыемна ўражвалі. Вы ўяўляеце сабой сапраўдны Касцёл як Божы Народ. Вы захавалі веру ў цяжкія часы ганенняў, перадалі яе новым пакаленням і цяпер ёю жывяце і разам з маладым пакаленнем яе развіваеце. Няхай Бог вам аддзячыць за ўсё! Час майго служэння ў Пінскай дыяцэзіі быў таксама адзначаны супрацоўніцтвам з Праваслаўнай Царквою з мэтаю паглыблення экуменічнага дыялога і адказу на выклікі сучаснасці дзеля абароны хрысціянскіх каштоўнасцей. Адбывалася таксама канструктыўнае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі ўладамі для вырашэння актуальных праблем Пінскай дыяцэзіі. Дзякуючы ўсім вам, браты і сёстры, усе людзі добрай волі, за сумесныя працу і малітву, адначасова перапрашаю за ўсё тое, што, магчыма, было не так, не атрымалася або не ўдалося ажыццявіць. Запэўніваю вас, што заўсёды хацеў толькі дабра Касцёлу, нашай Бацькаўшчыне і да гэтага імкнуўся. 5. Заканчвае пісацца яшчэ адна старонка гісторыі пінскага Касцёла і пачынаецца новая — ужо на чале з ардынарыем ксяндзом біскупам Антоніем Дзям’янкам. Прыміце яго з адкрытым сэрцам, прыміце як айца дыяцэзіі, прыміце з любоўю, павагай і пашанай. Ён, як наступнік Апосталаў, ласкай Духа Святога, які яму быў дадзены, прыходзіць да вас як сапраўдны і аўтэнтычны настаўнік веры, першасвятар і пастыр (пар. Дэкрэт аб пастырскім служэнні біскупаў у Касцёле Christus Dominus, 2). Ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка з’яўляецца дасведчаным і вельмі актыўным пастырам, з якім мне давялося працаваць многія гады і якому я вельмі ўдзячны за дапамогу, добрую раду і біскупскае братэрства. Упэўнены, што ён адказна і выдатна выканае ўскладзеныя на яго Богам, праз рашэнне Пятра нашага часу папы Бэнэдыкта XVI, заданні і пад яго кіраўніцтвам і пастырскай апекай Пінская дыяцэзія будзе развівацца далей. 6. Дарагія браты і сёстры! З гэтымі думкамі звяртаюся сёння да вас, калі з волі Божай распачынаецца новы этап гісторыі Пінскай дыяцэзіі, у якой я пакідаю частку свайго сэрца. Прыміце іх як голас маёй душы, заклапочанай духоўным адраджэннем нашай краіны. Запэўніваю вас у сваёй малітве ў вашых інтэнцыях і інтэнцыях пінскага Касцёла. Ад усяго сэрца жадаю пінскаму Касцёлу і яго новаму ардынарыю Божага благаслаўлення і апекі нябесных апекуноў — Божай Маці Лагішынскай і св. Андрэя Баболі, а таксама заступніцтва яго першага ардынарыя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і памерлага ў мінулым годзе Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, які яго адраджаў пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў. Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца + і Сына, і Святога Духа. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мінск–Пінск, 3 мая 2012 г. |
Адноўлена 03.05.2012 16:04 |