Прамова Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці падчас прыёма ў гонар Бэнэдыкта XVI |
Шаноўная спадарыня Алена Купчына, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, паважаныя прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, дастойныя біскупы Рыма-каталіцкага Касцёла, шаноўныя прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, вялебныя дэлегаты Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, дарагія святары, паважаныя сёстры, шаноўнае спадарства! Дазвольце прывітаць усіх вас з нагоды святкавання 7-ай гадавіны Пантыфікату і 85-годдзя з дня нараджэння Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI. Я ўпэўнены, што выражаю пачуцці ўсіх вас, жадаючы Яго Святасці Божага благаслаўлення, моцнага здароўя і поспехаў у ягоных намаганнях прапаведаваць і пашыраць вечныя каштоўнасці ў сучасным свеце. У 2008 годзе Папа скіраваў свой зварот да беларусаў: «Мяне радуюць шматлікія знакі ў краіне, якія абнадзейваюць. Вы можаце быць упэўнены, што Святы Пасад і надалей будзе падтрымліваць ваш народ у яго стараннях умацаваць належныя і легітымныя імкненні да свабоды і яго намаганні па паскарэнню дэмакратычнага працэсу як удзельніка вялікай сям’і свабодных і суверэнных еўрапейскіх народаў». Чым больш напружанай станавілася сітуацыя пасля 2008 года, тым мацней Святы Пасад стараўся і стараецца споўніць сваё абяцанне. Святы Пасад раздзяляе агульнае імкненне да ўмацавання прынцыпаў свабоды і справядлівасці. У той жа час Святы Пасад усведамляе, што ніхто не мае права навязваць сябе ў якасці таго, хто настаўляе, арбітра ці ўласніка гэтых прынцыпаў: кожная краіна прыкладае свае намаганні, каб знайсці шлях рэалізацыі гэтых прынцыпаў з улікам уласнай спецыфікі і сусветнай сітуацыі ўвогуле, усведамляючы свае моцныя бакі і свае супярэчнасці. У гісторыю Беларусі ўпісаны трагедыі, якія немагчыма выказаць словамі. Любыя спробы размаўляць з беларускім народам на мове, якая не ўлічвае гістарычнага вопыту гэтай краіны, будуць неэфектыўнымі. Беларусы часам адчуваюць сябе падобнымі да матылька, апісанага ў вершы Валерыі Куставай: Ля апошняй кветкі лётаў трапяткі матылёк, Беларускі народ — гэта моцная нацыя, і было б няправільна атаясамліваць яго з матыльком. Але ў той жа час такі ж далікатны і ўразлівы тэмперамент з’яўляецца часткай беларускай ідэнтычнасці. Нашым агульным абавязкам з’яўляецца тое, каб зрабіць больш моцным гэтага матылька, а калі больш дакладна — дапамагчы матыльку ўмацаваць свае сілы. Спробы ўтапіць матылька будуць контрпрадуктыўнымі. Каштоўнасці даспяваюць унутры. Інтэрвенцыі звонку могуць стымуляваць гэты працэс. Менавіта таму Папа ў вышэйзгаданым звароце сказаў: «Дасягненне такой высокай мэты з’яўляецца няпростай задачай. Гэта патрабуе пастаяннага і разумнага дыялога, які асноўваецца на сапраўднай салідарнасці, павазе да легітымных імкненняў, гістарычнай сітуацыі і адрознення іншых». Святы Пасад гатовы садзейнічаць такому працэсу тым, чым можа. Калі дыпламаты замаўкаюць і не спаўняюць ролі стваральнага пасрэдніка, такое маўчанне можа адкрыць шлях канфліктам значна больш небяспечным і разбуральным. Пра гэта мы ведаем з нашага працяглага вопыту. Дыялог нельга ўвесь час адкладваць. Заўсёды ёсць шанец зрабіць яго больш інтэнсіўным. Дыпламатычная роля Святога Пасаду зводзіцца да намаганняў дазволіць адбыцца дыялогу, дыялогу ўнутры краіны і дыялогу на міжнароднай арэне. Народ ніколі не вінаваты. Ён ніколі не павінен адчуваць на сабе наступствы непаразуменняў і рознагалоссяў, нават калі стаўкай у гульні з’яўляюцца важныя прынцыпы. Ізаляцыя ні ў якім разе не дасць сілы крылам матылька. Менавіта таму Святы Пасад працягвае падтрымліваць і заахвочваць да дыялога, зносінаў, абмену ведамі і ідэямі ўнутры і за межамі Беларусі. Святы Пасад прыкладае намаганні па падтрымцы багатай культуры гэтай краіны, паважаючы яе і папулярызуючы ва ўсім свеце. Святы Пасад ганарыцца значным укладам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў гэты працэс. Касцёл дзейнічае праз пашырэнне маральных прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай грамадскага прагрэсу і ўзвышаюцца над чыстым мысленнем рынку і эканомікі. Больш таго, Каталіцкі Касцёл робіць усё магчымае, каб падтрымаць беларускую культуру ва ўсёй яе складанасці праз адукацыю, камунікацыю, салідарнасць і ўзаемаабмен. Усё гэта патрабуе супольных намаганняў разам з іншымі канфесіямі і асаблівым чынам з Праваслаўнай Царквой у Беларусі. Існуючая атмасфера ўзаемнай павагі і разумення з’яўляецца спрыяльнай для такой працы. Святы Пасад дзякуе прадстаўнікам дзяржаўнай улады Беларусі за намаганні, скіраваныя на падтрымку рэлігійнай свабоды і спадзяецца, што гэты працэс будзе працягвацца і будзе ўзмоцнены новымі крокамі і ініцыятывамі ў кантэксце ўсіх іншых правоў — асабістых і грамадскіх. Мы спадзяёмся, што беларускі шлях да свабоды і справядлівасці будзе працягвацца і будзе кіравацца маральна прымальнымі прыладамі сучаснай эканомікі, не забываючы пра сацыяльную падтрымку, якая пакуль абараняе беларускіх грамадзянаў ад разбуральных наступстваў рэзкага сутыкнення з дзікім капіталізмам, што ігнаруе чалавечую годнасць і стварае недапушчальную сацыяльную няроўнасць. Святы Пасад жадае Беларусі хуткага развіцця і істотных дасягненняў, не выпускаючы з-пад увагі ні пастаўленых мэтаў, ні таго, што ўжо дасягнута. Гэтыя пажаданні з прысмакам гумару я хацеў бы выказаць словамі вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Халадней мне Дзякую за ўвагу! |
Адноўлена 02.07.2012 14:32 |