Каментарый да літургіі
“З радасцю пойдзем у дом Пана Бога”
Менавіта з вялікай радасцю ў сэрцы збіраемся сёння на Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Кожны з нас, тут прысутных, уваходзячы ў святыню, схіліў свае калені перад Панам неба і зямлі, перад Збаўцам, які з любові да свайго народа прыняў цярпенні і знявагі, каб для ўсіх адчыніць брамы свайго Валадарства.
Сёння асаблівым чынам будзем шчыра прасіць Хрыста, каб дапамог нам сваёй ласкай у штодзённым змаганні з грахом і рознымі цяжкасцямі на шляху да Нябеснага Валадарства.
Каментарый да літургіі слова
Літургія слова заклікае нас да ўдзячнасці Богу Айцу за Яго Умілаванага Сына, які ёсць Галавою Цела – Касцёла. Бо дзякуючы заслузе Хрыста, Яго смерці на крыжы і ўваскрасенню, мы маем надзею на жыццё вечнае ў адзінстве з Богам у Яго Валадарстве.
Езус збавіў нас, праліўшы сваю Кроў на крыжы. Вызваліў нас з-пад улады цемры граху, але ад кожнага асабіста залежыць, ці прыме Хрыста як Валадара свайго жыцця і ці даверыцца Яму. Выбар за кожным з нас, і гэты выбар мы павінны аднаўляць штодзённа. Калі ў нашым сэрцы будзе скруха, то мы з упэўненасцю можам спадзявацца, што калісьці пачуем словы Хрыста: “Сапраўды кажу табе, сёння ж будзеш са Мной у раі”.
Малітва вернікаў
Да Хрыста Валадара Сусвету, поўнага міласэрнасці і любові, скіруем нашы просьбы:
- за Касцёл, каб адважна абвяшчаў свету праўды Хрыстовага Евангелля і пашыраў Божае Валадарства на Зямлі.
- за хрысціян, якія церпяць пераслед; умацуй іх, Езу, сваёй ласкай і напоўні іх сэрцы супакоем і прабачэннем.
- за церпячых; навучы нас, Хрысце, у кожным бачыць Цябе і праз іх служыць Табе.
- за памерлых; Езу, Валадар жыцця, прымі іх у рай.
- за нас, прысутных на гэтай Эўхарыстыі; Езу, дапамажы нам быць сапраўднымі сведкамі Твайго Валадарства сярод нашых блізкіх і знаёмых.
Божа, Валадар Сусвету, няхай запануе на Зямлі Твая любоў, праўда і супакой. Просім, выслухай нашы малітвы, якія з пакорай узносім да Твайго трону.
С. Марына Брылёнак
|