Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ІІ Нядзелю Адвэнту, Год А (8 снежня) |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
|
04.12.2013 23:02 |
Каментарый да літургіі
“Благаслаўлёныя будуць у Ім усе плямёны...”
Адвэнт – перыяд чакання Езуса, які народзіцца ў сэрцах людзей. Але акрамя гэтага Адвэнт – магчымасць умацавання сваёй надзеі на збаўленне. Маем надзею на добрую будучыню, надзею, звязаную непасрэдна з Езусам Хрыстом, які за нас памёр і ўваскрос. Асабліва аб дары надзеі для ўсіх людзей будзем прасіць сёння падчас літургіі.
Каментарый да літургіі слова
“…каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею”
Літургія слова сёння асабліва прасякнута думкамі пра прыйсце Езуса Хрыста, а разам з тым і надзеяй на нашае збаўленне. Словы надзеі знаходзім у Евангеллі: “…наблізілася Валадарства Нябеснае”. Таксама пра надзею сёння асаблівым чынам прыпамінае нам і Апостал Павел: “…каб мы праз вытрываласць і заахвочванне Пісанняў мелі надзею”. Першы момант, праз які прыходзіць надзея, – вытрываласць, для перыяду Адвэнту – у пастановах, для жыцця хрысціяніна ўвогуле – у Богу. Другі момант – заахвочванне Пісанняў, магчымасць паглыблення надзеі праз Божае Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі.
Малітва вернікаў
У шчырай пакоры просім Бога нашага: - Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, а асабліва новаабвешчаных для нашай краіны, каб іх праца прыносіла добры плён у сэрцах вернікаў. - За кіраўнікоў дзяржаў, каб мудра і сумленна ставіліся да сваіх абавязкаў. - За дабрадзеяў нашага Касцёла, каб Бог шчодра ўзнагародзіў іх дар сэрцаў і благаславіў за праяўленую шчодрасць. - Падтрымай хворых, пашлі на іх шляху добрых і шчырых людзей. - Дадай любові сем’ям, якія перажываюць цяжкасці, каб ніколі не страчвалі надзеі. - Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці. - Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб заўсёды насілі ў сваім сэрцы надзею, якой ёсць Езус Хрыстус.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|
Адноўлена 04.12.2013 23:06 |