Каментарый да літургіі
“…ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста....”
Распачынаецца чацвёрты тыдзень Адвэнту, які прыгадвае нам, што да свята Божага Нараджэння засталося вельмі мала часу, але нават і гэты кароткі перыяд яшчэ можам выкарыстаць плённа: прыступіць да сакрамэнту споведзі, прыняць удзел у рэкалекцыях, аддаць асаблівую пашану Маці Божай у раратняй святой Імшы. Але перадусім хочацца, каб кожны з нас у цішы сэрца сустрэў Збаўцу.
Каментарый да літургіі слова
“…і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог»...”
Сённяшняя літургія слова асаблівым чынам звяртае нашую ўвагу на сямейныя каштоўнасці. Канешне, гэта прысутнасць абодвух бацькоў у жыцці дзіцяці, бо праз сон менавіта гэта адкрывае Юзаф. Па-чалавечы ён вырашае інакш (“будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе…”), але праз словы Анёла Божага яму адкрылася тое, што хоча Бог: “Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў”. І гэта тое, што вельмі важна ў сямейным жыцці – прысутнасць Божага слова, давер да яго, асабліва ў цяжкіх сітуацыях.
Малітва вернікаў
Ад усяго сэрца просім Пана нашага:
- Адары нашага Папу Францішка, асабліва з нагоды мінулага дня нараджэння, і ўсіх біскупаў свету ласкай палымянага прапаведвання слова Божага па ўсім свеце. - Молімся аб мірным уладкаванні канфліктаў у краінах. - За дабрадзеяў і ахвярадаўцаў Касцёла, каб Ты, Божа, падтрымаў іх і шчодра адарыў сваімі ласкамі. - За тых, хто рыхтуецца да сакрамэнту шлюбу, каб сур’ёзна і адказна падыходзілі да сваіх будучых абавязкаў. - Дадай любові сем’ям, якія перажываюць цяжкасці, каб знайшлі ў сабе моц, як святы Юзаф, пачуць і прыняць тое, што кажа ім Бог. - Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці. - Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб вучыліся слухаць Божае слова і шукаць у ім сапраўдную крыніцу яднання з Табой.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|