Каментарый да літургіі
“Ці Хрыстус падзелены?”
Мы прыбылі да нашай святыні, каб прадставіць Пану Езусу тое, што ў нас баліць, непакоіць нас, з чым мы не можам справіцца, верачы, што Ён пераменіць усё гэта, як ператварыў ваду ў віно ў Кане Галілейскай. Ён – сапраўдны Сын Божы! Ён можа здзейсніць цуд перамены ў жыцці кожнага з нас. Трэба з верай перажываць кожную Эўхарыстыю ў супольнасці вучняў Езуса.
Таксама зараз мы перажываем Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. Тэма сёлетняга Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян узята з Першага Паслання св. ап. Паўла да Карынцянаў: “Ці Хрыстус падзелены?” Таму ў гэты час асабліва молімся аб тым, каб ва ўсім свеце стала адна аўчарня і адзін Пастыр, а таксама аб тым, каб мір і згода былі ва ўсіх супольнасцях, дамах і сем’ях.
Каментарый да літургіі слова
„Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету”
Ян Хрысціцель даў сведчанне пра Езуса, указваючы на Яго як на Збаўцу ўсіх людзей і сапраўднага Сына Божага. Бо Хрыстус з’яўляецца прадказаным прарокам Ісаяй Слугой Бога, які прынясе збаўленне ўсяму свету. Кожны хрысціянін пакліканы, як Ян Хрысціцель, даваць сведчанне пра Хрыста і несці збаўленне Хрыста людзям. Гэтую місію добра выканаў св. Павел – Апостал народаў, які і сёння вучыць нас, што мы пакліканы да святасці і апостальства.
Паклонімся сёння ў духу перад Сынам Божым і абудзім у сабе гарачую веру ў Яго боства, усведамляючы праўду, што Езус як Бог прагне нашага збаўлення.
Малітва вернікаў
Хрыстус прыходзіць у свет, каб даць нам збаўленне. Сёння горача просім Яго, каб мы не змарнавалі гэтай ласкі, але, узбагачаныя ёю, маглі дасягнуць вечнага збаўлення:
- За ўсіх хрысціян, каб з адвагай і моцай апосталаў яны абвяшчалі свету Евангелле аб Езусе Хрысце.
- За біскупаў, асабліва за прызначанага Віцебскім ардынарыем Алега Буткевіча, каб быў добрым пастырам для свайго статку.
- Аб еднасці ўсіх хрысціян, каб яны імкнуліся да згоды, міру і еднасці, якой так горача прагне Хрыстус.
- За сем’і, каб яны ўмацоўвалі сваю веру, пачатак якой быў пакладзены ў святым хросце, і дзяліліся ёю з іншымі.
- За нас саміх, каб мы былі вестунамі міру ў нашых супольнасцях, дамах, сем’ях.
Божа, просім Цябе, выслухай нашы малітвы, каб мы верна выконвалі волю Сына Божага, нашага Пана. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч
|