Каментарый да літургіі
“Уваскрос ўжо Хрыстус, Бог мой і Надзея, месцам жа спаткання будзе Галілея…”
Хрыстус Уваскрос! Незвычайная радасць прыходзіць у гэты дзень у нашы сэрцы, нашы сем’і, нашы дамы. Велікоднае аднаўленне жыцця дзеецца і ў прыродзе, і ў нас. Мы атрымалі моцную надзею праз Езуса Хрыста на тое, страчанае праз Адама і Еву, месца шчасця разам са Стварыцелем. Сёння асабліва яскрава бачна Божая любоў да нас, якая застаецца ўсё ж таямнічай і недасягальнай. Праз яе мы маем магчымасць вярнуцца да свайго Нябеснага Дому.
Каментарый да літургіі слова
“Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца ў ім…”
Марыя Магдалена ідзе да магілы, першае, што мы бачым ў Евангеллі сёння. Цікавым момантам з’яўляецца тое, што “прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна”. Напэўна, цемра, якую яна бачыла перад сабой, сімвалізуе і адсутнасць надзеі. Праз цемру навакольнага свету можна адчуць смутак і адсутнасць будучыні, якія яна несла ў сабе. Што рабіць? Езус памёр, Той, за кім яны ішлі, Той, каго яны слухалі… Калі яна сустрэла на сваім шляху тое, што не чакала – камень, які закрываў уваход у магілу, - для яе пачынаецца новы этап. Яна бяжыць да апосталаў, апосталы бягуць да магілы, і над усім жыццём узыходзіць Сонца, дзякуючы якому паступова можам бачыць Уваскрасенне Езуса Хрыста і яго сэнс .
Малітва вернікаў
Езус Хрыстус Уваскрослы з’яўляецца святлом для свету, праз Яго ўзнясём нашыя пакорныя малітвы:
- Молімся за ўвесь Касцёл, каб крочыў шляхам збаўлення, прыклад якога нам даў Хрыстус.
- Молімся за Папу Францішка, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, каб, годна выконваючы свае абавязкі на зямлі, мелі перад сабой вобраз Уваскрослага Хрыста.
- Молімся за краіны, у якіх пераследуюцца хрысціяне, каб у іх запанавала любоў, цярплівасць і міласэрнасць.
- Молімся за людзей, церпячых ад цяжкіх хваробаў, каб заўсёды адчувалі прысутнасць і падтрымку Езуса Хрыста.
- Молімся за ўсіх хрысціянаў, каб годна перажывалі свята Вялікадня.
- Молімся за нас, тут сабраных, каб нашая надзея ўзрастала, дзякуючы глыбокаму перажыванню Уваскрасення Хрыста.
Усемагутны Божа, дапамагай нам у кожную хвіліну яднацца глыбей і глыбей з Табой, Крыніцай святла і жыцця, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|