Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на IV велікодную нядзелю (11 мая) |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
|
08.05.2014 10:32 |
Каментарый да літургіі
“Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы…”
Трывае велікодны час, у якім асабліва яскрава можна адчуць удзячнасць і радасць за дар, які дадзены Богам чалавецтву – Езуса Хрыста Уваскрослага. Таксама гэта час асаблівага даверу, надзеі на тое, што і мы калісьці ўваскрэснем. На гэтай святой Імшы давайце задумаемся, што даў нам Бог у нашым жыцці, чаму навучыў нас падчас посту і за што можам дзякаваць ужо цяпер.
Каментарый да літургіі слова
“Езус зноў сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак…”
Езус Хрыстус з’яўляецца нашай вузкай брамай у Валадарства Нябеснае. І толькі праз яе мы можам увайсці ў вечнасць і да Айца. Таксама чытаем у Евангеллі: “…хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але залазіць інакш, той злодзей і злачынец…”, таму Езус – адзіны шлях да збаўлення. Калі мы разумеем гэта, то мы належым да Яго авечак, бо чуем сапраўды Яго голас.
Малітва вернікаў
У першы дзень тыдня пакорна просім Пана Бога нашага:
- Адары нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету мудрасцю ў іх пастырскім служэнні. - Дадай уладам усіх краін разважлівасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту грамадзян. - Даручаем табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе. - Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці. - Благаславі нас, прысутных ля Твайго алтара, каб вучыліся быць вернымі і паслухмянымі авечкамі нашага Пастыра.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|