Каментарый да літургіі
“Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў. І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце. Ідзіце, купляйце без срэбра і без платы за віно і малако…”
Для Усемагутнага Бога няма розніцы, кім мы ёсць да сустрэчы з Ім, галоўным пунктам з’яўляецца непасрэдна спатканне і кантакт. Калі гэта адбываецца, то перамяняецца сэрца чалавечае, робячыся больш чулым, каб мець магчымасць і жаданне дзяліцца ўсім тым, што атрымалі ад Бога, каб навучаць таму, што спазналі самі. Падзякуем сёння асаблівым чынам за дар спаткання Бога на нашым жыццёвым шляху і будзем прасіць гэтага цуду для кожнага чалавека.
Каментарый да літургіі слова
“Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”.
Прагненне Бога… Яго слова і дзеяння ў сваім жыцці. Звернем на гэта сёння ўвагу праз Евангелле: “Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці”. Бог ёсць адзінай крыніцай, якая можа супакоіць усе нашыя прагненні. Людзі былі з Езусам, і ім было дастаткова гэтага, Ён даваў усё, што было патрэбна і клапаціўся аб іх, бо меў іх давер. Даверым Богу нашае жыццё і справы, каб Ён меў магчымасць апекі над намі.
Малітва вернікаў
Да Бога Усемагутнага, у Тройцы Адзінага, узнясём пакорныя малітвы:
- Молімся за Святы Касцёл, каб адорваў людзей верай, надзеяй і любоўю.
- Молімся за Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб не стамляліся несці святло Хрыста людзям.
- Молімся за ўсіх бяздомных, каб знайшлі годнае месца для жыцця і супакой у сэрцы.
- Молімся за сужонкаў, каб Уваскрослы Хрыстус быў для іх Крыніцай узаемнай любові.
- Молімся за нас, тут сабраных, каб бачылі ў штодзённым жыцці шлях да збаўлення.
Божа, выслухай нашыя малітвы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|