Каментарый да літургіі
Мы належым да Касцёла – паўсюднай сям’і збаўленых. Касцёл найбольш аб’яўляецца, калі сабраныя на Эўхарыстыі адным сэрцам і вуснамі вызнаюць веру і праслаўляюць Бога. Няхай нашае сённяшняе сабранне вакол Хрыста дапаможа нам усвядоміць нашую лучнасць з усімі, якія так, і як мы, складаюць Эўхарыстычную ахвяру.
Усе сённяшнія фрагменты Святога Пісання кажуць пра паўсюднасць збаўлення. Не толькі адзін народ, але і ўсе людзі на ўсёй зямлі могуць праз веру сустрэць Хрыста ў Касцёле, заключыць з Ім саюз і адчуць бязмежную міласэрнаць. Тое самае абяцанне Бог дае і нам, паколькі слухаем Божае слова і адказваем на яго праз веру і жыццё.
Каментарый да літургіі слова
Гэта здарылася сапраўды. Чалавек, які пакінуў канцэнтрацыйны лагер, папрасіў хлеба. “Дай яму толькі адзін кавалак”, - перасцярог выпадковы мінак пекара. Пекар, поўны спачування, даў цэлы бохан хлеба. Чалавек з лагера з’еў яго вельмі хутка і ад гэтага памёр на вачах спалоханага ад жаху пекара. Яго вынішчаны арганізм не вытрымаў лішняй ежы.
Бог дакладна ведае, што кожнаму чалавеку патрэбна, і ведае таксама, колькі кожнаму патрэбна. Таму часам дае цэлы бохан, часам лустачку, а часам толькі крошкі. Нялёгка з рук Бога прыняць крошкі, лёгка ў такой сітуацыі адчуць сябе адкінутым, лёгка пыхліва пачаць шукаць кагосьці, хто дасць больш. Можа, нават усю пякарню. Лёгка тады трапіць у лапы шатана, які гатовы не толькі даць чалавеку неабходны яму хлеб, але і замяніць яго рознымі прысмакамі. Крошкі, дадзеныя Богам, - гэта асаблівы доказ Яго любові і прыклад для людзей, як любіць. Часам сапраўдная любоў у тым, каб даваць крошкі, а не цэлы бохан.
Малітва вернікаў
Агорнем нашай малітвай усіх людзей, якіх збавіў Хрыстус і якіх хоча сабраць у адзіным Касцёле і пры адным эўхарыстычным стале.
1. Няхай Касцёл Хрыста агорне ўсіх людзей. Цябе просім... 2. Няхай любоў і супакой злучае ўсе народы. 3. Няхай місіянеры нясуць Евангелле людзям, якія шукаюць праўды. 4. Няхай калісьці выбраны Богам народ дасягне пазнання і веры ў Езуса Хрыста. 5. Няхай усе памерлыя вечна хваляць Бога разам з людзьмі ўсіх народаў і пакаленняў. 6. Няхай узмацняецца наша вера і ўсведамленне нашай лучнасці з усімі людзьмі, якія вераць у Езуса Хрыста.
Прымі, Пане, гэтую малітву, умацуй нашую веру, каб усе, якія належаць да Твайго Касцёла, атрымалі ў ім прабачэнне і міласэрнасць, а таксама выпрошвалі збаўленне для людзей усяго свету. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Мірыям Маршалэк ZSJM
|