Каментарый да літургіі
“О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя!”
Людзям часоў Езуса Хрыста было няпроста паверыць, што Ён ёсць Божым Сынам, сапраўдным, нягледзячы на цуды і словы, якія Ён рабіў і казаў. Але пасля смерці і ўваскрасення Езуса шмат людзей, нават тыя, хто не верыў, атрымалі магчымасць па-сапраўднаму адчуць Божую любоў і Яго прабачэнне. Давайце ж і мы, якія сёння стаім ля алтара, падзякуем за гэтыя дары, якія атрымалі і атрымліваем.
Каментарый да літургіі слова
“Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго”.
У сучасным свеце можна сустрэць розныя меркаванні пра тое, кім быў Езус Хрыстус. Людзі ўсіх часоў застаюцца людзьмі. Прарок, звычайны чалавек… а магчыма, Яго і не было ўвогуле? Гэты недавер быў бы пагардай у адносінах да Бога, грахом. І, дапускаючы сумнеў у сэрца, мы хутка можам страціць Божую ласку. Папросім сёння Пана дапамагчы ў нашым жыцці пабароць гэты недавер да Яго Імя і крочыць шляхам збаўлення.
Малітва вернікаў
Узнясём нашыя малітвы да Айца Нябеснага:
- Умацуй у веры і любові Касцёл свой і падтрымай тых, хто ім кіруе.
- Дапамагай і ахоўвай тых, хто кіруе дзяржавамі, няхай заўсёды ў сваёй працы трымаюцца Божых запаведзяў.
- Улі ў сэрцы людзей міласэрнасць і любоў, каб зразумелі, што войны не з’яўляюцца выйсцем з цяжкіх сітуацый.
- Падтрымай усіх тых, хто пакутуе ад ваенных здарэнняў, няхай адчуюць Тваю прысутнасць у жыцці праз дапамогу людзей добрай волі.
- Умацуй хворых і церпячых, каб ахвяроўвалі ўсе свае цярпенні для збаўлення свету.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, каб яны мелі шчасце сузіраць Цябе тварам у твар.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб ніколі ў нас не забракла моцы змагацца з недаверам, які нясе гэты свет.
Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Гасанна Атрашкевіч ОРs
|