Каментарый да літургіі
Сабраныя вакол алтара Езуса Хрыста, мы хочам святкаваць Яго перамогу і ўдзельнічаць у Яго цярпенні на крыжы, якое дае нам жыццё і збаўленне. Для хрысціяніна няма іншага шляху, як ісці за Хрыстом, які выратаваў нас праз сваю смерць і ўваскрасенне. Няхай наша прысутнасць у Эўхарыстыі будзе выказваннем таго, што мы ідзём за Хрыстом і хочам удзельнічаць у Яго перамозе. Каментарый да літургіі слова
Прарок Ерамія быў пастаўлены на выпрабаванні, ён стаў пасмешышчам, а людзі не хацелі яго слухаць, аднак ён добрасумленна выконвае сваё прароцкае пакліканне. Хрыстус прыняў дарогу пакут і крыжа, каб выкупіць людзей сваім пакорным падпарадкаваннем волі Бога. Хрысціяне, калі ідуць па шляху Хрыста, складаюць ахвяру свайго жыцця і разумна выконваюць волю Бога.
Малітва вернікаў
Богу, нашаму найлепшаму Айцу, які дае нам дары, неабходныя да дасягнення збаўлення, прадставім нашыя просьбы:
- Молімся за Касцёл Святы, каб, верны закліку свайго Збаўцы, карміў усіх людзей Яго Словам і Целам. Цябе просім...
- Молімся за Айца Святога Францішка аб дары мудрасці ў кіраванні Касцёлам. Цябе просім...
- Молімся за біскупаў, святароў і дыяканаў, каб заўсёды былі жывымі сведкамі Езуса Хрыста і годна выконвалі сваё пакліканне. Цябе просім...
- Молімся за дзяцей і моладзь, якія заўтра распачынаюць новы навучальны год, каб праз пазнаванне свету набліжаліся таксама да Бога. Цябе просім...
- Молімся за сем'і, каб праз згоду і любоў пераймалі тую любоў, якой Хрыстус палюбіў свой Касцёл. Цябе просім...
- Молімся за нас, прысутных пры алтары Пана, каб мы заўсёды былі верныя Богу. Цябе просім...
Божа, які ўзбагачаеш людзей рознымі дарамі, каб служылі іншым праз сваю працу і жыццё, просім, пачуй нас і выслухай усе нашыя просьбы. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|