Каментарый да літургіі
Мы сабраліся, каб радасна святкаваць нядзельную Пасху. Сярод нас прысутны Пан, які абяцаў, што будзе там, дзе збіраюцца Яго вучні, каб праслаўляць Бога і ўзносіць да Яго сваю малітву.
Свядомыя прысутнасці Хрыста, мы павінны слухаць Яго навучанні, каб іншым паказваць сапраўдны шлях, які вядзе на вечную Пасху ў святыні неба.
Мы пыхлівыя, не хочам прыняць навучанняў іншых, іх парадаў і пункту гледжання. Ведаючы нашыя грахі і слабасці, станем перад Богам у пакоры, каб прыняць Яго Слова, якое нас навучае і дае нам жыццё вечнае.
Каментарый да літургіі слова
Затрымаемся на словах: “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”. Словы добра вядомыя, але ці да канца зразумелыя і прынятыя з верай? Езус адкрывае нам важную праўду (“Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё...”): каб рэальнай стала Яго прысутнасць, павінна адбыцца спатканне ў Імя Езуса. Вельмі важныя словы “ў Імя Езуса”. Гэта стаўленне нашага сэрца, свядомасць Божай прысутнасці ў нашым жыцці. Наколькі лягчэй будзем перажываць розныя сітуацыі, калі будзе ў іх прысутны Езус, Яго любоў, мудрасць і цярплівасць. Колькі ж спраў былі б пазітыўна развязаны, калі б мы запрасілі да іх Бога. Езус не патрабуе “афіцыйных” сустрэч, каб гасціць у сваіх дзяцей, - Езус патрабуе адкрытых сэрцаў.
Калі жывём малітвай, прысутнасцю Езуса ў нашай штодзённасці, адчуваем духоўны свет, дзеянне ласкі, якія сплываюць з невычэрпнай крыніцы Божай міласэрнасці.
Малітва вернікаў
Пакорна і з даверам звернемся да Бога ў нашай малітве, таму што Ён навучае нас і выслухоўвае нашыя просьбы.
1. Молімся за Святы Касцёл, каб, навучаючы і заклікаючы людзей да дабра, даваў людзям пэўнасць праўды. 2. Молімся за спаведнікоў, духоўных кіраўнікоў, каб іх слова дапамагала вернікам перамагчы памылкі і ўзмацняла цноты. 3. Молімся за бацькоў і выхавацеляў, каб заўсёды ў выхаванні дзяцей кіраваліся любоўю. 4. Молімся за людзей, якія жывуць у вязніцы хлусні, каб сіла праўды вызваліла іх і адкрыла на любоў Бога. 5. Молімся за нас саміх, каб мы ў пакоры прымалі напаміны бліжніх і самі з адказнасцю навучалі іншых, калі бачым іх памылкі.
Божа, які праз прарокаў навучаў выбраны народ і нам праз Касцёл аб’явіў сваю волю, выслухай нас і ўчыні, каб мы набліжаліся да праўды і праз тое дапамагалі ў перамозе любові. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Мірыям Маршалэк ZSJM
|