Каментарый да літургіі
Усіх нас Бог запрасіў да свайго вінаградніку – Касцёла. Дзякуючы сваёй працы, сямейнаму і грамадскаму жыццю, мы павінны выконваць хрысціянскае пакліканне. Кожная хвіліна і кожная праца павінна нас набліжаць да Хрыста, каб мы атрымалі плату ад Бога. Сёння Бог заклікае нас перагледзець сваю прысутнасць у Касцёле, сваё жыццё - рэлігійнае, прафесійнае і сацыяльнае. Найсвяцейшая Ахвяра, на якой мы сабраліся, таксама з’яўляецца для кожнага з нас заданнем, каб перамяняць сябе і свет.
Мы належым да вінаградніка Божага - Касцёла, але якая нашая прысутнасць у ім, як мала ў нас запалу для Божай справы. Таму кожны час добры, каб адказаць на заклік Бога і прасіць прабачэння за нашы грахі.
Каментарый да літургіі слова
Сёння мы пачуем прыпавесць аб работніках у вінаградніку. Вінаграднік - гэта Касцёл, у які Бог заклікае людзей у розны час, каб усім даць аднолькавую заработную плату - збаўленне. Часта гэта так цяжка для людзей - зразумець дарогі Божыя і Яго заклік, і прарок Ісая вучыць, што Бог мае свае планы і любіць кожнага чалавека, незалежна ад яго паводзін. Нашым адказам на любоў Бога павінна быць праслаўленне Яго і плённая праца для Хрыста.
Малітва вернікаў
Пакліканыя Богам у вінаграднік Касцёла, добрасумленна выконваючы сваё пакліканне, узнясём малітву.
1. Молімся за Касцёл, каб, абвяшчаючы Евангелле, запрашаў людзей да яднання з Богам, які шчодры ў прабачэнні. Цябе просім... 2. Молімся за работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, каб неслі праўду і адзінства паміж людзьмі. Цябе просім... 3. Молімся аб новых пакліканнях, каб заўсёды былі тыя, хто будзе працаваць у вінаградніку Божым. Цябе просім... 4. Молімся, каб людзі ахвотна выконвалі сваю працу і хвалілі Бога працай сваіх рук і розумаў. Цябе просім... 5. Молімся за памерлых, каб атрымалі ўзнагароду за сваё жыццё, працу і вернасць Богу. Цябе просім... 6. Молімся, каб мы самі, пакліканыя Хрыстом у вінаграднік Касцёла, шчыра выконвалі свае прафесійныя, сямейныя і сацыяльныя абавязкі. Цябе просім...
Няхай Твая дабрыня, Пане, суправаджае наша жыццё, працу і пакліканне, каб мы, узносячы гэтую малітву, былі пачутыя і маглі атрымаць ўзнагароду за добрасумленную працу і служэнне. Які жывеш і валадарыш, праз усе вякі вечныя. Амэн. С. Людміла Леўдаровіч MChR
|