Каментарый да літургіі
Нашыя думкі і пачуцці ўчора і сёння кіруюцца да ўсіх нашых дарагіх памерлых. Няма іх сярод нас, адышлі, пакінуўшы смутак, сум, пустату. Нашыя сваякі, бацькі, браты, сёстры і сябры, — нам так не хапае іх, таму мы хацелі б, каб сталі сёння тут, з намі і сярод нас. Мы аддалі б часам усе скарбы свету, каб некаторыя з іх зноў вярнуліся да жыцця. Гэта непатрэбна! Таму што ўсе яны жывуць з Богам у нябесным Ерузалеме. Яны шчаслівыя, бо ўдзельнічаюць ў вечнай літургіі Божых дзяцей перад тронам Баранка.
Гэтая святая літургія, у якой мы прымаем удзел, з’яўляецца абвяшчэннем нябеснай Літургіі, у якой удзельнічаюць нашыя дарагія памерлыя. Няхай адпачываюць у Богу, у Яго супакоі. Няхай Хрыстус будзе іх узнагародай, радасцю і шчасцем. Асабліва молімся за тых, хто знаходзіцца ў чысцы, каб убачылі Бога тварам у твар.
Каментарый да літургіі слова
Слова Божае, якое сёння пачуем, прыносіць нам надзею, што мы ўсе будзем стаяць перад Богам, які знішчыць смерць і дасць нам жыццё. Гэтым жыццём для нас з’яўляецца Хрыстус, які паказаў нам шлях, перамог смерць сваім уваскрасеннем і дае нам сваё Слова. Менавіта Ён вядзе нас да вечнай радасці свайго Айца.
Малітва вернікаў
Узмоцненыя надзеяй, молімся да Бога Айца, які праз уваскрасенне Хрыста перамог смерць і хоча даць вечнае жыццё ў радасці нябёсаў.
1. Молімся за Касцёл Святы, каб, абвяшчаючы ў Эўхарыстыі смерць і ўваскрасенне Хрыста, вёў усе народы да вечнага жыцця. 2. Молімся за ахрышчаных, каб сваім жыццём сведчылі, што вераць у вечнае збаўленне. 3. Молімся за памерлых Папаў, біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх, хто служыў Богу, каб былі ўключаны ў Касцёл хвалебны. 4. Молімся за памерлых кіраўнікоў краін, людзей культуры, навукі і за ўсіх тых, хто служыў зямной радзіме, каб убачылі хвалу Бога і праслаўлялі Яго любоў. 5. Молімся за памерлых з нашых сем’яў, каб, узнагароджаныя за жыццё на зямлі, увайшлі ў радасць Пана. 6. Молімся, каб мы, у супрацоўніцтве з Хрыстом, заўсёды былі гатовыя да сустрэчы з Ім.
Божа, умацуй нас у надзеі, што можам без страху чакаць сустрэчы з нашымі блізкімі памерлымі і будзем там, дзе любоў перамагла смерць. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|