Каментарый да літургіі
«…падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!»
У другую нядзелю Адвэнту асаблівым чынам хацелася б прыпомніць, як людзі чакалі Збаўцу. У гэтым нам дапаможа Евангелле, дзе пабачым Яна Хрысціцеля і пачуем ягоныя словы, скіраваныя да людзей таго часу і да нас таксама: «Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях…» Гэтыя загадкавыя словы дапамагаюць узмацніцца чаканню і таямніцы, якой ёсць сам Збаўца.
Каментарый да літургіі слова
«…падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму…»
Гэтыя словы асаблівым чынам заахвочваюць нас не толькі чакаць прыйсця Езуса, але і рыхтаваць сябе, сцежкі свайго сэрца, каб Ён змог прыйсці і прынесці ў яго радасць. Гэта прапануе нам таксама і апостал Пётр праз словы: «Таму, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся, каб Ён знайшоў вас бездакорнымі і беззаганнымі, у спакоі». Заўсёды, калі падрыхтаваны да нейкай падзеі ў жыцці, то адчуваеш спакой. Давайце ж, каб мець спакойныя і радасныя святы, рыхтавацца старанна.
Малітва вернікаў
У шчырай пакоры просім Бога нашага:
- Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб іх праца прыносіла добры плён у сэрцах вернікаў.
- За кіраўнікоў дзяржаў, каб мудра і сумленна ставіліся да сваіх абавязкаў.
- За дабрадзеяў і ахвярадаўцаў нашага Касцёла, каб Бог шчодра ўзнагародзіў іх дар сэрцаў і благаславіў за праяўленую шчодрасць.
- Падтрымай хворых, пашлі на іх шляху добрых і шчырых людзей.
- Дадай любові сем’ям, якія перажываюць цяжкасці, каб ніколі не трацілі надзеі.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб заўсёды мелі сілы на плённую падрыхтоўку сэрца да прыйсця радасці, якой ёсць Езус Хрыстус.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч
|