Каментарый да літургіі «Трыумфуйце, усклікайце разам, разваліны Ерузалема, бо суцешыў Пан народ свой, адкупіў Ерузалем».
Трыумфуйце! Бо суцешыў Пан народ свой! Прыйшло вызваленне для народу Божага, бо нарадзіўся нам Збаўца. Гэтая радасць няхай разыходзіцца ад сэрца да сэрца, ад кватэры да кватэры і разліваецца на ўвесь свет. Праз увесь Адвэнт мы чакалі і рыхтавалі сябе да гэтага Божае Нараджэнне, а цяпер з чыстымі сэрцамі можам Яго сустрэць і запрасіць да сябе.
Каментарый да літургіі слова
«…У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей».
Хрыстус, нашае жыццё, з’явіўся свету. Як і раней, Яго прыйсця чакалі і чакаем штогод. Гэты час можа быць для нас сапраўдным аднаўленнем і ўзбагачэннем, калі паспрабуем яго такім зрабіць. Усё гэта можам здабыць праз Сына Божага, як сёння чытаем у Пасланні да Габрэяў: «Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго, праз якога і стварыў сусвет».
Малітва вернікаў
Праз Езуса Хрыста, які прыйшоў да нас на гэты свет, шчыра просім Пана нашага:
- Умацуй у веры і любові Касцёл свой і падтрымай Папу Францішка, біскупаў, святароў, дыяканаў і ўсіх, хто шчыра служыць Касцёлу.
- Дапамагай і ахоўвай тых, хто кіруе дзяржавамі, нахай заўсёды ў сваёй працы трымаюцца Божых загадаў.
- Просім, каб нованароджаны Хрыстус прынёс супакой у нашыя каріны і нашыя сэрцы.
- Умацуй хворых і церпячых, каб ахвяроўвалі ўсе свае цярпенні для збаўлення свету.
- Просім за ўсіх цяжарных жанчын, каб з радасцю і спакоем чакалі з’яўлення сваіх дзяцей і мелі адпаведную падтрымку родных і блізкіх людзей.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, каб яны мелі шчасце сузіраць Цябе тварам у твар.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб вучыліся мець, як дзеці, шчырую радасць, асабліва ў часы святаў.
Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч
|