Каментарый да літургіі
«Пане, Ты лечыш зламаныя сэрцы»
У цяжкія хвіліны, у хвіліны роспачы і спакусаў чалавек павінен шукаць паратунку толькі ў Бога. Асаблівым чынам спаткаць Яго можна падчас літургіі. Тут мы знаходзім усё, што трэба кожнаму чалавеку ў штодзённым жыцці: сілы, мудрасць, веру, надзею і любоў.
Таму з вялікім даверам наблізімся да алтара Пана, каб тут атрымаць аздараўленне і дапамогу.
Каментарый да літургіі слова
Сёння падчас літургіі слова сустракаем людзей, зламаных жыццём: праблемамі, роспаччу, хваробамі. «Дні мае хутчэйшыя за ткацкі чаўнок, яны мінаюць, не пакідаючы надзеі» – кажа ў цяжкой жыццёвай сітуацыі Ёў. Але, разважаючы над жыццём гэтага чалавека, мы бачым, што надзея павінна быць, насуперак усім цяжкасцям і выбрабаванням. Бог заўсёды прыходзіць, каб лячыць нашыя зламаныя сэрцы. Хрыстус, як кажа Евангелле, аздараўляў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў, таму мы сёння без сумнення можам ісці да Яго са сваімі праблемамі, цяжкасцямі, клопатамі нашага штодзённага жыцця. У Ім нашая надзея.
«Езус узяў на сябе нашую слабасць і вылечыў хваробы», таму, слухаючы Божае слова, будзем змагацца са спакусамі, слабасцямі і будзем з надзеяй ісці па жыцці.
Малітва вернікаў
Да Бога, які праз Езуса Хрыста аказвае свету сваю міласэрнасць і лечыць зламаныя сэрцы, узнясём нашыя супольныя просьбы.
1. Молімся за святы Касцёл, каб быў у сучасным свеце прыкладам любові і еднасці. 2. Молімся за святароў, каб сілы і мудрасць яны чэрпалі з крыніцы Божага слова. 3. Молімся за тых, хто стаў ахвярай гандлю людзьмі, каб праз малітву ўсяго Касцёла была знішчана гэтая праблема, а Хрыстус залячыў глыбокія раны тых, хто трапіў у гэтую страшную пастку. 4. Молімся за церпячых і хворых, каб яны сваё цярпенне злучалі з ахвярай Хрыста дзеля збаўлення чалавецтва. 5. Молімся за моладзь, каб ніколі не траціла надзеі, і ў любых абставінах чэрпала духоўныя сілы з Эўхарыстыі. 6. Молімся за нас, ўдзельнікаў гэтай святой Імшы, каб мы верылі ў словы Хрыста і жылі паводле Яго вучэння.
Божа, Ты ніколі не адмаўляеш у сваёй дапамозе, учыні, каб мы ніколі не гублялі надзеі і ў Табе знаходзілі неабходныя сілы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Таццяна Гмыза SJE
|