Каментарый да літургіі
«Калі кладуся, * спакойна засынаю, бо толькі Ты, Пане, * дазваляеш мне жыць бяспечна».
Хрыстус уваскрос! Сапраўдная радасць і спакой прыйшлі да нас. Калі яшчэ некалькі тыдняў таму Езус заклікаў нас маліцца і чуваць з Ім разам, перад узяццем пад варту, то цяпер мы маем у сэрцы гэты спакой і ўпэўненасць, што ўсё, абяцанае нам, здзейснілася. Мы – адкупленыя Богам, праз Езуса Хрыста сталіся Яго сапраўднымі сынамі і дочкамі.
Каментарый да літургіі слова
“…сам Езус стаў сярод іх і сказаў: Спакой вам”.
Няўпэўненыя ў заўтрашнім дні, засмучаныя, стомленыя… Спакой вам! Усе нашыя праблемы ўжо неістотныя, бо да нас прыйшоў Уваскрослы Хрыстус. Аб’явіўся і прынёс з сабой усё тое, што было патрэбна кожнаму спрагнёнаму сэрцу. Ён ужо пачынае здзяйсняць сваю моц у сэрцы кожнага, хто шчыра паверыў. Гэты давер Пану стаецца дзвярыма, праз якія прасцей прыйсці, але Ён прыйшоў да апосталаў і ў зачынены пакой.
Малітва вернікаў
Узнясём да Бога ў Тройцы Адзінага нашыя просьбы і малітвы:
- Молімся за Папу Францішка і ўвесь Касцёл, каб Уваскрослы Хрыстус прынёс кожнаму надзею і радасць.
- Молімся аб супакоі ва ўсім свеце.
- Молімся, каб публічнае вызнанне веры і малітва былі для вернікаў крыніцай жыцця.
- Молімся за ўсіх новаахрышчаных, каб адчулі сапраўдную прысутнасць Бога ў сваім жыцці.
- Молімся за ўсіх нас, каб перажывалі велікодны перыяд з усведамленнем хрысціянскай годнасці і жаданнем пашырэння свайго кантакту з Богам.
Езу Хрыстэ, Ты памёр і ўваскрос, каб збавіць кожнага чалавека, давядзі і нас, Тваіх верных, да святла ўваскрасення.
Рэгіна Атрашкевіч
|