Каментарый да літургіі
Сёння мы сустракаемся на Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Як калісьці вучні Хрыста, гэтак мы сёння збіраемся ў Вячэрніку, каб скласці ахвяру Цела і Крыві Пана. Праз дар Духа Святога Бог абнаўляе нашыя сэрцы і перамяняе іх, каб мы маглі быць сведкамі Уваскрослага Пана.
Памолімся на гэтай святой Імшы, каб Святы Дух заўсёды прысутнічаў у нашым жыцці, каб мы выкарыстоўвалі Яго дары на карысць усёй супольнасці Касцёла.
Каментарый да літургіі слова
Падчас кожнай літургіі слова, таксама і сёння, Дух Святы праз Святое Пісанне вылівае ў наш розум і сэрца Божую навуку, якая запальвае «агонь любові». Менавіта Дух Святы, які прыходзіць у Слове, дазваляе нам зразумець таямніцы нашай веры і здзяйсняе ў нашым сэрцы цуды, якія адбыліся «ў пачатку абвяшчэння Евангелля». Давайце прыслухаемся да Божага Слова, якое можа змяніць нашыя сэрцы.
Малітва вернікаў
Адкрыем нашыя сэрцы перад Богам і ўзнясём да Яго нашыя малітвы:
1. Молімся за Касцёл Божы, каб аднаўляўся сілаю Святога Духа. Цябе просім... 2. Молімся за Айца Святога Францішка, біскупаў і святароў, каб, асвечаныя святлом Духа Святога, набліжалі людзей да Бога. Цябе просім... 3. Молімся за нашую краіну, каб цешылася справядлівасцю і супакоем. Цябе просім... 4. Молімся аб новых пакліканнях да святарства і жыцця манаскага, каб Добрая Навіна абвяшчалася ўсім народам. Цябе просім... 5. Молімся за памерлых, каб Бог аказаў ім сваю міласэрнасць і дазволіў прабываць у Валадарстве Нябесным. Цябе просім... 6. Молімся за нас, прысутных пры алтары Пана, каб мы заўсёды былі верныя Богу. Цябе просім...
Дух Святы, які сабраў усе народы ў адзінстве веры, увайдзі і напоўні нашыя сэрцы сваёй ласкай, запалі ў нас агонь сваёй любові і абарані ад усялякага зла. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|