Каментарый да літургіі
“Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне. * Ён адкупіць Ізраэль ад усіх беззаконняў ягоных...”
Калі разглядаем нашы адносіны з Богам, то можам уявіць іх у выглядзе нармальнага сяброўства, добрай камунікацыі. Непаслухмянасць Адама і Евы Богу, шматлікія знявагі Бога нашымі продкамі, нашыя штодзённыя правіны — гэта ўсё не аслабіла любоў Божую і міласэрнасць да чалавецтва. Хоць, канешне, па-чалавечы можна было б ужо разгневацца і не мець дачынення да “дрэнных сяброў”.
Каментарый да літургіі слова
“Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці”.
Красамоўныя словы Езуса сёння даюць нам шмат для разважання. Яны могуць здавацца рэзкімі ў дачыненні да Яго роднай Маці, але такім чынам не абражаюць Яе, але падкрэсліваюць вартасць кожнага ў Яго вачах. Напачатку мы разважалі пра сяброўства чалавека і Бога, але наколькі большая любоў ёсць у сям’і? Маці і бацька, брат ці сястра — гэта тыя людзі, якія штодня з намі, хвалююцца і клапоцяцца пра тое, каб кожнаму ў сямейным коле было добра і спакойна. З’яўленне Езуса невыпадкова пераводзіць нашыя адносіны з Панам на новы, больш высокі ўзровень не проста сяброўства, але роднасці.
Малітва вернікаў
Звернемся ў малітвах да Бога нашага:
- Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб мудра і аддана служылі Божаму люду.
- Адары ўсіх людзей свету сапраўдным спакоем, каб не панавалі ў краінах бязлад і войны.
- Молімся за ўсіх, хто ў гэты час прымае Першую святую Камунію, каб Бог адарыў іх усімі патрэбнымі ласкамі.
- Дадай веры, надзеі хворым і церпячым, каб мужна неслі свой крыж і адчувалі Божую любоў праз людзей добрай волі.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
- Благаславі нам, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб мы маглі шчыра кожнага дня называць Цябе Айцом і адчувалі гэтую роднасць.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Рэгіна Атрашкевіч
|