Каментарый да літургіі
Бог не кідае слоў на вецер. Яго аргументы неаспрэчныя. Яго Любоў не галаслоўная, але знаходзіць сваё месца на Крыжы. Любоў Хрыста да чалавека крывавіць да гэтага дня на алтарах усяго свету.
Сёння Хрыстус даручае нам цяжкую задачу. Мы павінны быць апосталамі Яго любові. Без страху казаць пра Яго і сведчыць сваёй паставай, што патрэбна толькі Яго любоў, каб быць шчаслівым. Мы павінны ісці да ўсіх патрабуючых і несці ім Любоў, несці ім Езуса, несці ім сябе.
За тое, што не заўсёды сведчым сваім жыццём, што абраны Богам для будавання Яго Валадарства любові тут, на зямлі, перапросім Міласэрнага Айца, які ёсць у небе.
Каментарый да літургіі слова
Кожны з нас пакліканы да пашырэння Божага Валадарства на зямлі. Слухаючы Бога, мы не толькі самі будзем шчаслівыя, але і атрымаем моц і здольнасць з’яднаць бліжніх з Богам і дапамагчы ім.
Святы Марк Евангеліст дае нам сёння практычныя парады, што дазволяць нам з адвагай абвяшчаць Езуса Хрыста, які з’яўляецца сапраўдным дарам для чалавека. Дарам прабачаючым і аздараўляючым нашы целы і душы.
Малітва вернікаў
Богу, які апякуецца намі ўсімі, прадставім нашы патрэбы:
1. Просім за Касцёл, каб трываў у гатоўнасці да спаткання са сваім Абраннікам – Хрыстом. Цябе просім. 2. Просім за тых, хто сумняецца і знаходзіцца ў адчаі, каб у Езусе знайшлі радасць і сэнс жыцця. Цябе просім. 3. Просім за маці, якія чакаюць патомства, каб яно было радасцю іх жыцця. Цябе просім. 4. Просім за ўсіх, хто знаходзіцца ў адпачынку, каб не забывалі пра спатканне з Хрыстом Эўхарыстычным. Цябе просім. 5. Просім за памерлых, каб радаваліся ў Валадарстве Хрыста. Цябе просім. 6. Просім за нас, прысутных тут, каля алтара Пана, каб нястомна трывалі ў надзеі на збаўленне. Цябе просім.
Божа, наш міласэрны Ойча, выслухай нашыя просьбы, якія са скрушаным сэрцам да Цябе ўзносім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
(JM)
|