Каментарый да літургіі
“Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы”
Пан запэўнівае нас сёння ў тым, што ёсць з намі ў кожную хвіліну і не пакідае нас адных. Маючы розныя крыўды ў сэрцы, якія ўчынены людзьмі, Ён збярэ нас у любым стане і дапаможа зноў стацца Ягоным статкам. Давайце ж сёння памолімся аб усіх загубленных з розных прычын авечках, каб Найвышэйшы Пастыр прывёў іх да сапраўднага дому супакою і праўды.
Каментарый да літургіі слова
“…бо яны былі як авечкі без пастыра…”
Складана жыць статку без пастыра. Напэўна, яны самі па сабе не парадзяць з цяжкасцямі на полі, з драпежнымі жывёламі, з пошукам лепшай ежы і прытулкам. Без пастыра кожная авечка сама па сабе, хоць і цягнецца да агульнай колькасці. Без галоўнага сэнсу – Езуса, які нас збавіў, – Касцёл не можа ісці добрай дарогай. Без Пастыра ўсе словы і дзеянні будуць марнымі.
Малітва вернікаў
Праз Езуса Хрыста, Добрага Пастыра, звернемся да Бога Усемагутнага:
- Умацуй у веры і любові Касцёл свой і падтрымай тых, хто ім кіруе.
- Дапамагай і ахоўвай тых, хто кіруе дзяржавамі, няхай заўсёды ў сваёй працы трымаюцца Божых запаведзяў.
- Улі ў сэрцы людзей міласэрнасць і любоў, каб зразумелі, што войны не з’яўляюцца выйсцем з цяжкіх сітуацый.
- Падтрымай усіх тых, хто пакутуе ад ваенных падзей, няхай адчуюць Тваю прысутнасць у жыцці праз дапамогу людзей добрай волі.
- Умацуй хворых і церпячых, каб ахвяроўвалі ўсе свае цярпенні для збаўлення свету.
- Благаславі сужэнствы, каб узаемаразуменне і любоў падмацоўвалася супольнай шчырай малітвай.
- Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, каб яны мелі шчасце сузіраць Цябе тварам у твар.
- Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб ніколі не бракавала нам добрых пастыраў, якія прызначаны Панам.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Рэгіна Атрашкевіч
|