Каментарый да літургіі
Кожную нядзелю мы збіраемся разам каля алтара Пана, каб слухаць Яго Слова і карміцца Яго Целам. Ён з’яўляецца нашым адзіным і найлепшым Настаўнікам. Выразам нашай пашаны і любові да Яго няхай будзе нашая прысутнасць на святой Літургіі. Аддаем Яму ўсе штодзённыя клопаты, хваляванні і пытанні, шчыра давяраючы Яго кіраўніцтву.
Каментарый да літургіі слова
Сёння падчас літургіі слова разважаем над тым, як можна набыць Божую мудрасць і ёй кіравацца ў сваім жыцці. У першым чытанні чуем, як натхнёны Духам Святым аўтар кажа, што аддаў перавагу мудрасці перад усімі багаццямі гэтага свету. У Евангеллі ж чуем, што маладому чалавеку не хапае адвагі, каб пакінуць усё, што мае. Такім чынам, бачым у гэтых урыўках Святога Пісання вялікую мудрасць – цаніць і заўсёды на першае месца ставіць Бога і не мець прывязанасцяў да зямных рэчаў.
Часта хрысціяніну не дастаткова працаваць над набыццём добрых учынкаў, але найперш трэба нешта пакінуць. Можа, рэчы, можа, адносіны, можа, нейкую схільнасць, можа, чалавека, каб набыць сапраўднае Божае багацце.
Малітва вернікаў
Да Хрыста, найлепшага Настаўніка, з даверам узнясём нашыя малітвы і просьбы:
1. Молімся за Святога Айца Францішка, каб прыкладам свайго жыцця і веры заахвочваў як мага больш людзей да хрысціянскага жыцця. 2. Молімся ў інтэнцыі Сінода, які адбываецца ў гэты час, каб прынёс багаты плён у жыцці шматлікіх людзей. 3. Молімся за нашу Бацькаўшчыну, каб цаніліся ў ёй хрысціянскія каштоўнасці, а людзі былі напоўнены Божым спакоем і любоўю. 4. Молімся за інвалідаў, каб ядналі сваё цярпенне з цярпеннем Хрыста і выпрошвалі для свету Божую Міласэрнасць і навяртанне грэшнікаў. 5. Молімся за тых, хто прасіў нашай малітвы, каб Бог адарыў іх усімі неабходнымі ласкамі. 6. Молімся за нас, тут прысутных, каб хапіла ў нас адвагі пакінуць шматлікія рэчы дзеля Хрыста і Яго наказаў.
Пане Езу, Ты не адмаўляеш нам у сваёй дапамозе, выслухай нашыя просьбы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
С. Таццяна Гмыза SJE
|