Каментарый да літургіі
“Яны пайшлі з плачам, але з суцяшэннем іх павяду…”
Бог сапраўды суцяшае, вядзе добрымі дарогамі, каб перамяніць наш смутак у радасць. Ён не зважае і не патрабуе ад нас, каб мы былі спраўнымі і здольнымі да ўсяго, але толькі хоча, каб быў давер да Яго і Ягонага Сына, які прыйшоў нас паклікаць і прывесці да збаўлення. Пра гэта пачуем сёння ў першым і другім чытаннях, а таксама ў псальме.
Каментарый да літургіі слова
“Ідзі, вера твая вылечыла цябе”
У першым чытанні і псальме мы бачым Божыя словы, якія даюць нам падставу верыць, што Ён пра нас клапоціцца і не пакіне нас адных. У другім чытанні ж паказаны працяг, а менавіта тое, якім чынам Пан бачыць нашае збаўленне – праз Езуса Хрыста, які прыходзіць і які ёсць Першасвятаром. Але самым цікавым з’яўляецца Евангелле, якое паказвае нам тое, якой веры мы патрабуем. Бог хоча нашых намаганняў ад пачатку. Ён не кажа, што людзі з першага чытання прынесены Ім - яны прыйшлі самі, на голас, які іх клікаў. Так і ў Евангеллі: калі б не патрабаванні сляпога, не яго вера, невядома, ці быў бы ён заўважаны і аздароўлены.
Малітва вернікаў
Да Бога Усемагутнага, у Тройцы Адзінага, узнясём пакорныя малітвы:
- Молімся за Святы Касцёл, каб адорваў людзей верай, надзеяй і любоў’ю.
- Молімся за Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб не стамляліся несці святло Хрыста людзям.
- Молімся за ўсіх бяздомных, каб знайшлі годнае месца для жыцця і супакой у сэрцы.
- Молімся за сужэнцаў, каб Уваскрослы Хрыстус быў для іх Крыніцай узаемнай любові.
- Молімся за нас, тут сабраных, каб штодня крочылі шляхам, якім вядзе нас Пан.
Божа, выслухай нашыя малітвы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Рэгіна Рудкоўская
|