Каментарый да літургіі
Сёння пачынаем чарговы Адвэнт у нашым жыцці, якім ён будзе для нас – невядома. Можа, для кагосьці ён будзе апошнім; для кагосьці, хто нядаўна навярнуўся, ён першы, але для большасці католікаў – ён чарговы. Гэты асаблівы час прыходзіць да нас сам, мы яго не выбіраем. Наша задача – распазнаць, што хоча Бог зрабіць у нашым жыцці на працягу гэтых чатырох тыдняў.
Удзельнічаючы ў святой літургіі, аддаем Табе, Пане, гэты час, нашае навяртанне, нашыя змены. Просім, каб Дух Святы сваёю моцай і сілай навучыў нас, як падрыхтавацца да святаў, каб гэты час прынёс багаты плён у нашым жыцці.
Каментарый да літургіі слова
Божае слова на сённяшні дзень – гэта прарочае Слова. У першым чытанні праз словы прарока Ераміі Бог кажа пра Збаўцу, якога чакае свет. Гэта таксама прарочае слова для кожнага з нас – нам таксама абяцаны Збаўца, Ён да нас прыходзіць, але ад нас залежыць, ці прымем мы Яго. Ці падрыхтуем Яму дарогу да нашага сэрца?
У Евангеллі мы чуем прароцтва пра апошнія дні. “Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя”. Але нам Хрыстус кажа, каб мы выпрасталіся і паднялі галовы. Чаму такое адрозненне паміж аднымі і другімі (нехта будзе млець ад страху, а нехта падыме галаву)? Усё залежыць ад нашай падрыхтаванасці.
Ці ведаем мы Таго, каго чакаем? Ці сапраўды апошні дзень для нас будзе выратаваннем? Пакуль маем яшчэ час – не марнуйма яго! “Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць і дай нам сваё збаўленне”.
Малітва вернікаў
У першую нядзелю Адвэнту, поўныя запалу зрабіць чуйным наша сэрца, занясём да Бога нашы просьбы.
1. Молімся за Касцёл Святы, каб у чаканні Хрыста Збаўцы даваў надзею кожнаму чалавеку, асабліва грэшнаму. Цябе просім... 2. Молімся за Папу Францішка, каб кожная яго пілігрымка змяняла сэрцы людзей, з якімі ён сустракаецца. Цябе просім... 3. Молімся за моладзь аб узмацненні веры, надзеі і любові ў іх жыцці. Цябе просім... 4. Молімся за ўсіх пацярпелых у нядаўніх катастрофах і ў розных ваенных дзеяннях, каб Божая Любоў напаўняла людзей, а памерлых надзяліла вечным жыццём. Цябе просім... 5. Молімся за тых, хто нядаўна навярнуўся да Бога і пазнаў Езуса Хрыста, каб Божая ласка сцерагла іх на працягу далейшага жыцця. Цябе просім... 6. Молімся за нас, прысутных на Эўхарыстыі, каб час Адвэнту прынёс у нашым жыцці багаты плён. Цябе просім...
Божа, выслухай нашыя малітвы, якія прыносім з чыстым сэрцам. Праз Хрыста, Пана нашага.
С. Таццяна Гмыза SJE
|