Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ўрачыстасць Нараджэння Пана
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
22.12.2015 12:08

Каментарый да літургіі

Усемагутны Бог запрашае нас, Божых дзяцей, наблізіцца зараз да алтара, адкрыць свае сэрцы і праслаўляць Бога за вялікія цуды, якія Ён учыніў сярод нас. Вялікая радасць сёння настала: святло ласкі Божай да нас завітала – нарадзіўся Збаўца свету Езус Хрыстус – Божы Сын! Таму ўзрадуемся сёння ў Пану і, каб нашая радасць была поўная, уважліва паслухаем Божае слова, якое заўжды перамяняе сэрца, асвятляе наш жыццёвы шлях і свеціць нам у цемры. З вялікаю ўдзячнасцю прымем сёння Святую Эўхарыстыю – дар вялікай Божай любові і міласэрнасці да нас!

Каментарый да літургіі слова (Імша ўначы)

Сын дадзены нам

У першым чытанні прарок Ісая звяртае нашу ўвагу на тое, што вялікае святло ўбачыў народ, які дагэтуль хадзіў у цемры. Нарадзіўся Божы Сын – Дзіця, Яму будзе дадзена імя: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою. Народ весяліцца і радасць павялічылася з-за таго, што Божы Сын умацуе і падтрымае свой народ у правасуддзі і справядлівасці.

Таму ўся зямля спявае Пану Богу новую песню і славіць Ягонае імя. Збаўца Езус Хрыстус прыходзіць судзіць народы справядліва паводле праўды сваёй.

Святы апостал Павел у Пасланні да Ціта прамаўляе: “з’явілася ласка Божая для ўсіх людзей” – і заклікае, каб людзі ўжо сёння пачалі кіравацца цнотамі разважлівасці, справядлівасці і пабожнасці, каб чакалі шчаслівай надзеі свайго адкуплення ад усялякага беззаконня, таму што нарадзіўся сёння Збаўца.

Евангелле паводле Лукі апавядае, што Збаўца свету Езус Хрыстус нарадзіўся ў горадзе Давіда, у Бэтлееме, у беднай стаенцы, бо не было ім месца ў заездзе. Анёл Пана абвясціў радасць вялікую для ўсяго народа. Менавіта таму і мы, сёння сабраныя на ўрачыстай святой Літургіі, можам радасна ўсклікаць, праслаўляючы Бога:

Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі.

 
Каментарый да літургіі слова (Імша на світанні)


Вось ідзе тваё збаўленне – чуем зараз у першым чытанні. Прарок Ісая дае вялікую надзею: народ, адкуплены Панам, будзе названы святым, а горад – не будзе пакінутым.

Святло заззяла, бо Пан нарадзіўся, – праслаўляем Бога словамі псальма. Усе народы бачаць Божую славу: для справядлівага ззяе святло і радасць – для праведных сэрцам.

Паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас, – кажа святы апостал Павел у Пасланні да Ціта. Мы збаўлены праз аднаўленне Духам Святым. Мы апраўданы ўжо сёння ласкаю Божаю і маем надзею атрымаць вечнае жыццё – збаўленне душы, таму з глыбіні сэрца ўслаўляем Бога:

Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі.


Святы евангеліст Лука ў Святым Пісанні паказвае нам зараз, што Найсвяцейшая Панна Марыя ўсе словы, якія пачула, захоўвала ў сэрцы сваім і разважала над тым, што распавядалі пастухі пра нараджэнне Божага Сына. Мы таксама павінны наследаваць прыклад Божай Маці, праслаўляючы і хвалячы Бога.

Каментарый да літургіі слова (Імша ўдзень)

Прарок Ісая абвяшчае: “Убачаць усе межы зямлі збаўленне Бога нашага”, – таму што Бог валадарыць, вяртаецца на Сіён, адкупіў Ерузалем і суцешыў народ свой.

У словах псальма сённяшняй літургіі пачуем: Пан Бог учыніў цуды – паказаў сваё збаўленне, аб’явіў народу сваю справядлівасць, успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць.

“Бог прамовіў да нас праз Сына”, - кажа апостал Павел у Пасланні да Габрэяў. Сын Божы стаў вышэйшым за анёлаў. Ён – адлюстраванне славы Бога-Айца і вобраз Ягонай сутнасці, таму няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя.

Сын Божы прынёс на зямлю вялікае святло.

У Евангеллі паводле Яна мы чуем, што Слова сталася целам і пасялілася між намі. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. Святло свеціць у цемры, і цемра яго не агарнула. Езус Хрыстус – Святло для свету і наша сучаснае Святло. Пра гэтае Святло засведчыў у свой час святы  Ян Хрысціцель – чалавек, які быў пасланы ад Бога. Ён не быў святлом, але Святлом ёсць Божы Сын, які прыйшоў у свет да сваіх, а свае не прынялі Яго. Тыя ж, хто Яго прыняў, сталі Божымі дзецьмі. Так, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.

Малітва вернікаў


З вялікай радасцю за атрыманы дар Божага сыноўства і Святла, якое заззяла нам сёння ў цемры, узнясём да Нябеснага Айца супольныя малітвы нашых сэрцаў:

1. Молімся за святы каталіцкі Касцёл, каб штодзённа, нягледзячы на розныя выпрабаванні, перашкоды і пераследы, паказваў сучаснаму народу шлях да сапраўднага святла Божай праўды. Цябе просім…

2. Молімся за Святога Айца Францішка, каб прыкладам свайго хрысціянскага жыцця ён заўсёды заахвочваў вернікаў да трывалай малітвы і ўчынкаў міласэрнасці. Цябе просім…

3. Молімся аб навяртанні закаранелых грэшнікаў, якія яшчэ прабываюць у грахоўнай смяротнай цемры і пагарджаюць Божымі запаведзямі любові, каб адчулі патрэбу прымірэння і паяднання з Богам праз святыя сакрамэнты. Цябе просім…

4. Молімся за ўсіх маці, якія ў бліжэйшы час чакаюць нараджэння дзіцяці, каб з любоўю і пяшчотаю прынялі вялікі Божы дар мацярынства і сваёю любоўю штодзённа атулялі сваіх дзяцей. Цябе просім…

5. Молімся за дзяцей-сірот і дзяцей, бацькі якіх злоўжываюць алкаголем ці наркотыкамі, каб яны заўсёды атрымлівалі дапамогу і адчувалі духоўную падтрымку клапатлівых людзей добрай волі. Цябе просім…

6. Молімся за чысцовыя душы, якім найбольш патрэбна Божая міласэрнасць, каб, абмытыя святою Крывёю Хрыста-Збаўцы, ачышчаныя, яны змаглі ўвайсці ў брамы Нябеснага Валадарства. Цябе просім…

7. Молімся за нас, сабраных на ўрачыстай літургіі каля Божага алтара, каб, асветленыя промнямі святла нованароджанага Езуса Хрыста, мы неслі гэтае святло іншым, якія з надзеяй яго чакаюць. Цябе просім…

Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Анастасія Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў

07.07 11:36Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХIV Звычайную нядзелю, Год А (9 ліпеня)
26.06 15:15Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХIІІ Звычайную нядзелю, Год А (2 ліпеня)
21.06 14:34Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XII Звычайную нядзелю, Год А (25 чэрвеня)
16.06 13:13Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХI Звычайную нядзелю, Год А (18 чэрвеня)
09.06 16:00Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А (11 чэрвеня)
29.05 10:46Каментарый на нядзелю Спаслання Духа Святога (4 чэрвеня)
22.05 10:23Каментарый на VII Велікодную нядзелю, Год А (28 мая)
17.05 12:02Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на VI Велікодную нядзелю, Год А (21 мая)
09.05 11:35Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на V Велікодную нядзелю, Год А (14 мая)
05.05 12:24Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на IV Велікодную нядзелю, Год А (7 мая)