Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на нядзелю ў актаве Нараджэння Пана, свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа (27 снежня)
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
25.12.2015 12:41

Менавіта сёння, калі сучасная сям’я ў грамадстве перажывае крызіс, варта глыбей прыгледзецца да штодзённага жыцця Святой Сям’і з Назарэта і, наследуючы яе прыклад, праз розныя перашкоды, клопаты і выпрабаванні мужна крочыць Божымі шляхамі да святасці.

Каментарый да літургіі

Усемагутны Бог збірае нас зараз на святочную нядзельную Літургію Божага Слова ў свята Святой Сям’і і запрашае паяднацца з Ім у святой Эўхарыстыі, каб яшчэ больш удасканаліцца ў цнотах веры, надзеі і Божай любові.  Менавіта сёння, калі сучасная сям’я ў грамадстве перажывае крызіс, варта глыбей прыгледзецца да штодзённага жыцця Святой Сям’і з Назарэта і, наследуючы яе прыклад, праз розныя перашкоды, клопаты і выпрабаванні  мужна крочыць Божымі шляхамі да святасці.

Святая Сям’я, якой была даручана справа выхавання і абароны Сына Божага, чэрпала з крыніцы чыстай Божай любові. Сам Езус Хрыстус быў гэтай Любоўю. Найсвяцейшая Панна Марыя і святы Юзаф сузіралі ў сям’і ўцелаўлёную Любоў, услухоўваліся і карміліся кожным словам гэтай Любові.

Таму адкрыем свае сэрцы і ўважліва паслухаем Божае слова. Да кожнага з нас, прысутнага на святой Імшы, Бог прагне прамовіць сёння нешта асаблівае і вельмі важнае, што можа сапраўды перамяніць нашае жыццё на лепшае.

Каментарый да літургіі слова


Божае слова ў першым чытанні з кнігі Самуэля кіруе наш позірк на жыццё сям’і Ганны і Элькана. Ганна паказвае нам прыклад настойлівай і трывалай малітвы, бо менавіта праз малітву яна атрымала Божы дар – нарадзіла сына, якому далі імя Самуэль. Божы Провід прадвызначыў так: “ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана”.

Таму нашыя сэрцы сугучна спяваюць словамі псальма: “Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, Пане!”

Сапраўды, шчаслівы той, хто давярае Пану Богу сваё жыццё і пакладае сваю моц толькі ў Ім. Шчаслівы той, хто трывае ў духоўнай радасці і сэрцам праслаўляе Бога, для каго Бог ёсць адзіным прытулкам і абаронаю ва ўсе дні жыцця.

Шчаслівыя мы – таму што называемся Божымі дзецьмі і імі з’яўляемся! Але зараз мы не ведаем дакладна, чым будзем, калі нам аб’явіцца Айцец у сваёй хвале.

Варта захоўваць Ягоныя запаведзі, старацца спаўняць Божую волю: чыніць тое, што падабаецца Богу.

Найважнейшае, чым мы павінны кіравацца ў сваёй штодзённасці, – гэта вера ў Сына Яго Езуса Хрыста і любоў адзін да аднаго, як Ён загадаў нам. Аб гэтым кажа нам сёння святы апостал Ян у другім чытанні літургіі слова.

Евангелле паводле Лукі паказвае эпізод, калі дванаццацігадовага Езуса Марыя і Юзаф знаходзяць у святыні. Наша ўвага канцэнтруецца на мудрасці Езуса – Божага Сына, а таксама на цнотах разважлівасці і паслухмянасці. У Святой Сям’і пануе згода, узаемаразуменне. Найсвяцейшая Панна Марыя ўсё, што адбываецца, і кожнае слова Езуса, захоўвае і разважае ў сэрцы сваім. Святая Сям’я, а менавіта яе ўкрытае жыццё, таксама з’яўляецца прыкладам удзелу ў справе збаўлення свету.

У сваім штодзённым жыцці Святая Сям’я яднаецца з Уцелаўлёным Божым Словам – з Асобаю Езуса, а праз гэта адбываецца паяднанне Святой Сям’і з усёй Найсвяцейшай Тройцай.

Пазнанне Езуса з Назарэта – гэта важны крок на шляху пазнання самога сябе ў праўдзе без пыхі і адчаю. У выніку – ствараецца поўная даверу сувязь з Езусам. Давер Богу ўмацоўвае веру, паглыбляе надзею і любоў, і, такім чынам, знікаюць страх і розныя сумнівы, так сэрца чалавека перамяняецца.

Малітва вернікаў

У пакоры сэрца праз заступніцтва Святой Сям’і ўзнясём да Айца Нябеснага з вялікім даверам нашыя супольныя малітвы:

  • молімся за хрысціян ва ўсім свеце, каб па прыкладу Святой Сям’і з Назарэта неслі паўсюдна супакой, узаемаразуменне і бескарыслівую Божую любоў. Цябе просім
  • молімся за Айца Святога і ўсё духавенства, каб праз сваё ахвярнае служэнне дзеля Божай хвалы нястомна дапамагалі вернікам імкнуцца да святасці. Цябе просім
  • молімся за сямейныя рухі і супольнасці ў Касцёле, каб на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Юзафа з кожным днём узрасталі ў цнотах веры, надзеі і чыстай Божай любові. Цябе просім
  • молімся за хрысціянскія сем’і, у якіх няма згоды, павагі і ўзаемнай любові, каб з дапамогаю ласкі Божай адкрылі свае сэрцы і аднавілі ўзаемаадносіны, трываючы ў любові Хрыста. Цябе просім
  • молімся за ўсіх тых, хто рыхтуецца ў бліжэйшы час прыняць сакрамэнт сужэнства, каб, асветленыя святлом Духа Святога, яны заставаліся вернымі свайму пакліканню праз усё жыццё. Цябе просім
  • молімся за моладзь нашай краіны, якая да гэтага часу яшчэ не змагла  распазнаць сваё пакліканне, каб, робячы ўласны выбар, кіравалася мудрасцю Божай і ішла за голасам свайго сумлення. Цябе просім
  • молімся за нас, прысутных на святой Імшы, каб мы заўсёды верна выконвалі ў жыцці Божую волю, якая заключаецца ў любові да Бога і бліжняга. Цябе просім

Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Анастасія Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў

07.07 11:36Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХIV Звычайную нядзелю, Год А (9 ліпеня)
26.06 15:15Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХIІІ Звычайную нядзелю, Год А (2 ліпеня)
21.06 14:34Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XII Звычайную нядзелю, Год А (25 чэрвеня)
16.06 13:13Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХI Звычайную нядзелю, Год А (18 чэрвеня)
09.06 16:00Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А (11 чэрвеня)
29.05 10:46Каментарый на нядзелю Спаслання Духа Святога (4 чэрвеня)
22.05 10:23Каментарый на VII Велікодную нядзелю, Год А (28 мая)
17.05 12:02Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на VI Велікодную нядзелю, Год А (21 мая)
09.05 11:35Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на V Велікодную нядзелю, Год А (14 мая)
05.05 12:24Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на IV Велікодную нядзелю, Год А (7 мая)