Каментарый да літургіі
Праз сакрамэнт хросту ўсе мы з’яўляемся Касцёлам, усе мы члены містычнага Цела Хрыста, які нас збірае на святой Літургіі, каб мы маглі стаць яшчэ больш дасканалай супольнасцю Яго ўмілаваных дзяцей.
Падчас гэтай святой Імшы будзем дзякаваць Богу за сакрамэнт хрысціянскага ўтаямнічання. Памолімся за нашых бацькоў, хросных бацькоў, святара, які нам удзяліў гэты сакрамэнт, – хай благаславіць Бог жывых, а памерлым дасць радасць нябёсаў.
Няхай абрад акраплення святой вадой нагадае нам пра момант хросту і ачысціць ад усялякай брыдоты граху.
Каментарый да літургіі слова
Езус быў ахрышчаны з рук Яна Хрысціцеля, Ён прынізіўся і стаў сярод грэшнікаў. У сваёй пакоры Ён узяў на сябе грахі свету. Хрышчэнне ў Ярдане было ўрачыстым пачаткам місіі Езуса як Месіі, пацверджанай Богам Айцом. І мы праз хрост і пакорнае служэнне бліжнім становімся ўмілаванымі дзецьмі Айца.
Малітва вернікаў
Як адна сям'я Божых дзяцей, молімся разам з Езусам у Духу Святым да Айца Нябеснага. 1. Молімся за Касцёл Святы, каб з мацярынскай апекай клапаціўся пра ўсіх сваіх дзяцей. Цябе просім... 2. Молімся аб благаслаўленні і дарах Божай ласкі для Папы Францішка, нашага біскупа (...) і ўсіх святароў. Цябе просім... 3. Молімся за грэшнікаў, каб праз пакаянне аднавілі абяцанні, складзеныя Пану Богу пры хросце. Цябе просім... 4. Молімся, каб памерлыя (...), узнагароджаныя за жыццё на зямлі, увайшлі ў радасць Пана. Цябе просім... 5. Молімся, каб мы, у супрацоўніцтве з Хрыстом і дзякуючы ласцы хросту, былі святлом для братоў і сясцёр. Цябе просім...
Божа Ойча, пачуй нашыя малітвы і прыйдзі да нас з дапамогай. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
С. Людміла Леўдаровіч MChR
|